«Можа, баяўся заставацца ў шлюбе са мной, бо працуе на БТ». Настаўніца, якая з'ехала праз даносы Бондаравай, распавяла пра развод і жыццё ў эміграцыі
Настаўніца матэматыкі з Ляхавічаў Таццяна Крапіневіч, якая ў свой час стала фіналісткай конкурсу «Настаўнік года Беларусі», разам з малодшай дачкой была вымушаная бегчы з Беларусі пасля даносаў Вольгі Бондаравай. У эміграцыі жанчыне прыйшлося пачынаць усё з нуля.
Дадатковым ударам для Таццяны стаў нядаўні развод з мужам, з якім яны пражылі разам 20 гадоў. «Ці ёсць сапраўдныя мужчыны, здольныя развесціся ціха і годна? Без бруду, без помслівасці. Так, такія мужчыны ёсць. Шкада, што я не ведаю ніводнага з іх», — напісала яна ў фэйсбуку, прызнаўшыся, што, можа, і не хацела б публічыць інтымнае, але трымаць у сабе гэта немагчыма і балюча.
Пагутарылі з Таццянай пра асабістае, рэпетытарства анлайн, першыя рэчы, якія яна папрасіла перадаць сабе пасылкай з Беларусі і будучыню беларускай адукацыі.
Фота з асабістага архіва Таццяны
У мінулым Таццяна Крапіневіч працавала ў Мінску ў бізнэс-сферы, а пасля, «перагарэўшы», перабралася ў Ляхавічы, каб вучыць дзяцей матэматыцы. Вельмі хутка яна стала намесніцай дырэктара, а яшчэ — першым супрацоўнікам, хто прынёс Ляхавіцкай гімназіі фінальнае месца на профільным прэстыжным конкурсе «Настаўнік для Беларусі».
Увосень 2020 года жанчына апублікавала некалькі пастоў у сацсетках з асуджэннем паслявыбарчых падзей. Сярод іх было фота з бел-чырвона-белай пасцілой. Нягледзячы на тое, што пазней допісы былі выдаленыя, у адзін дзень яны ўсплылі ў канале даносчыцы Вольгі Бондаравай. Па Таццяну на працу прыйшлі сілавікі — яе выратавала тое, што ў той час яна знаходзілася ў шпіталі. Пасля гэтага жанчына вырашыла з’язджаць: адміністрацыйны суд за «анлайн-пікетаванне» адбыўся без яе. На ім Таццяне прысудзілі амаль 2000 рублёў штрафу.
У Варшаве Таццяна выкладае матэматыку анлайн: частка вучняў засталася з Беларусі, частка ж раней пераехала з бацькамі ў Польшчу. «У сярэдзіне мая тут будзе экзамен пасля васьмі класаў, ёсць дзеці, якіх я да яго рыхтую». Праўда, грошы за рэпетытарства пакуль не даюць выйсці ў плюс і адчуваць сябе ўпэўнена ў фінансавым плане.
«Сродкі, якія нам назбіралі дзякуючы «Байсол», ужо амаль скончыліся. А працаваць напоўніцу я пакуль не магу праз затрымку з легалізацыяй».
Па прылёце ў Польшчу яшчэ ў аэрапорце Таццяна з дачкой падаліся на міжнародную ахову. На момант чакання рашэння ў іх забралі пашпарты і выдалі часовае пасведчанне асобы, якое дзейнічала некалькі месяцаў. Таццяна загадзя напісала заяву на яго замену, але вось як ужо паўтара месяца — цішыня.
«Гэта тое, што дадаткова ўплывае на эмацыйны стан. Таму што хочацца легальна знаходзіцца тут і легальна працаваць. У ідэале — не знаходзіцца ў кватэры 24 на 7, бо ў мяне цяпер усё — анлайн. Толькі адзін-два чалавекі, з кім можна выйсці бавіць час не за камп’ютарам. А раней жа ў мяне было вельмі шырокае кола знаёмых: я кожны дзень з дзясяткамі-сотнямі людзей кантактавала жыўцом. Канечне, найперш мару вярнуцца ў адукацыю, каб зноў працаваць з дзецьмі.
Ведаеце, са мной побач школа. І калі я праходжу міма, то нейкі час проста магу стаяць там і слухаць вось гэты гоман, шум адтуль. Але калі што, я разглядаю любыя варыянты. Калі не атрымаецца са школай ці офісам, то гатовая пайсці ў тую самую «Бедронку» ці «Жабку», бо жыць за нешта трэба».
Дачку Таццяны амаль адразу па пераездзе атрымалася ўладкаваць у мясцовы ліцэй, куды ёй трэба хадзіць раз на тыдзень, збольшага — навучанне хатняе.
«У маі Кацю таксама чакаюць экзамены, каб яна магла далей пайсці вучыцца. Увогуле яна малайчына. Мы як пераехалі, яна ж польскую зусім не разумела. Заўсёды пытала мяне: «Мама, перакладзі гэта», «А што тут сказалі?». А цяпер у яе ўжо ёсць кола новых знаёмых, яна сустракаецца са сваімі сяброўкамі, гэта мяне вельмі радуе», — дзеліцца Таццяна.
Дадатковым ударам для жанчыны стаў развод з мужам, які адбыўся ў Беларусі ў прысутнасці яе адваката літаральна на днях.
«Са мной як усе падзеі адбыліся, у адзін цудоўны момант усе мае чаты ў тэлеграме сталі «некранута чыстыя», як я кажу. Спужаліся і ўсё павыдалялі. І ёсць частка людзей, якая прынцыпова ніякіх стасункаў са мной не падтрымлівае цяпер.
Я, канечне, нікога асуджаю. Я была па той бок і ведаю, наколькі гэта страшна. Ведаю, наколькі зараз павялічыўся ціск на тых, хто там застаўся. Але калі падтрымкі я не атрымала ад чалавека, з якім пражыла 20 гадоў…», — не хавае эмоцый жанчына, маючы на ўвазе былога мужа Аляксандра Крапіневіча, досыць вядомага ў Беларусі дыктара Белтэлерадыёкампаніі, акцёра агучкі і гукарэжысёра, голас якога прамаўляе ў тым ліку прыпынкі наземнага транспарту ў Мінску.
«Мы з’ехалі з дачкой з Беларусі 17 снежня 2024 года, ён даведаўся пра гэта на наступны дзень. І вось з 18 снежня да 31 студзеня прайшло паўтара месяца — і тут ён падае на развод. Чаму? Не ведаю. Можа, ён баяўся заставацца ў шлюбе са мной, бо працуе на БТ.
Ён сам усім тлумачыць, што ў нас былі спрэчкі, таму вось так. Яны сапраўды былі, як у любой пары: і я, і ён маглі ў парыве шмат чаго нагаварыць. Ну развадзіся, справа асабістая, але каб не прывезці мне і дачцэ рэчы, не дапамагаць дачцэ фінансава…
Каб вы разумелі, нашы рэчы нам перадаваў хто заўгодна — чужыя людзі везлі аўтобусамі, хаця ў мужа адкрытая віза і наша агульная машына засталася ў яго. Мне было напісана: калі хочаш нешта дзяліць, прыязджай і падавай пазоў. І ён жа ведае, што я не магу гэта зрабіць. Але ён лічыць, што гэта ўсё фарс, што мне нічога не пагражае, што ўсё я надумала і няма ніякага пераследу. Што я проста выкарыстоўваю гэта ў нейкіх сваіх штучных інтарэсах».
Фота з асабістага архіва Таццяны
Як бы часам ні было цяжка, Таццяна кажа, што разумее, што чакае яе на радзіме: «Таму лепш сярод чужых, але пад свабодным паветрам». А калі зусім накрывае, пераглядае малюнкі-падарункі сваіх вучняў, якія папрасіла прывезці ёй у адной з пасылак.
«Мы з’ехалі з адным заплечнікам. І найперш я потым прасіла мне матэрыялы працоўныя, канечне, перадаць. Плюс базавыя рэчы, каб было ўва што пераапрануцца, пераабуцца. Маці, канечне, кожны раз кладзе ў пасылкі яшчэ ці зефір, ці цукеркі беларускія — гэта вельмі прыемна. І пах сам ад гэтых рэчаў, калі адкрываеш сумку, не перадаць словамі! Пасля мне неяк касметыку перадалі і духі мае. Як яны прыехалі, я проста сядзела і нюхала іх, згадваючы ўсе моманты, з імі звязаныя. А потым мне і малюнкі дзяцей даехалі, нейкія маленькія рэчы, якія мне дарылі вучні. Гэта тое, што ў мяне тут ёсць, і тое, што дае моцы не зламацца».
На Таццяну яшчэ падчас працы ў школе выходзіў супрацоўнік КДБ Аляксандр Пай, прапаноўваючы супрацоўніцтва. У эміграцыі, па яе словах, яе (прынамсі пакуль) не чапалі.
«Я адмыслова не сачу за тым, што цяпер у школе адбываецца і хто прыйшоў на маё месца. Але скажу, не называючы імёнаў, што ёсць вучні, якія мяне падтрымліваюць. Як яны на мяне выйшлі ўпершыню, я ім адразу сказала: вы ведаеце, у вас могуць быць праблемы, калі вы са мной будзеце перапісвацца. На што яны мне адказалі: «Вы ў першую чаргу наш настаўнік».
У мяне такое адчуванне, што гэтых дзяцей не змяніць, што б у дзяржаве ні рабілі ў плане ідэалогіі. У іх ёсць свой крытычны погляд на ўсё. Яны ўсё разумеюць і здольныя рабіць самастойныя высновы. Гісторыя паўтараецца. Але аднойчы гэта скончыцца, яно не можа бясконца цягнуцца».
З 1 верасня ў школах канчаткова забароняць тэлефоны, і Таццяна знаходзіць гэтую ідэю неразумнай.
«Я заўсёды казала і кажу, што для мяне гэта сродак і спосаб здабываць веды. Я не забараняла тэлефоны, калі нам ужо казалі абмяжоўваць іх выкарыстанне. І пры гэтым на маіх уроках я не бачыла, каб дзеці лезлі ў тэлефон займацца нечым іншым. Акрамя выпадкаў, калі я сама магла іх папрасіць дзесьці перайсці па QR-коду, каб нешта адшукаць і прачытаць».
Настаўніца перажывае, што з такімі падыходамі да навучання, дзе ідэалогія — найперш, а веды ўжо пасля, адток насельніцтва з Беларусі будзе працягвацца.
«Калі я прыйшла на працу ў Ляхавіцкую гімназію ў 2020 годзе, там было больш за семсот вучняў. Калі з'ехала, іх было 441. Яшчэ пры мне былі такія выпадкі, калі вучань проста не прыходзіў на ўрокі пасярод навучальнага года. Усё, яго проста няма. Ляхавічы — маленькі гарадок, а ў 2020 годзе на пратэсты там выходзілі многія. І ўсе ведаюць адно аднаго ў твар. І калі пачаліся рэпрэсіі, ціск, людзі проста з'язджалі масава.
Ну і ў прынцыпе тыя сем’і, дзе бацькі свядомыя, асэнсаваныя — яны ўсе разглядаюць навучанне не ў Беларусі. І ў мяне самой ужо шмат вучняў з Ляхавічаў вучацца не ў Беларусі».
Пры ўсіх абставінах настаўніца верыць у прафесіяналаў сваёй справы, якіх у Беларусі застаецца шмат і на якіх цяпер трымаецца многае.
«Я ведаю настаўнікаў, якія застаюцца ў першую чаргу настаўнікамі. Тут не пра палітыку. У мяне на ўроках таксама не было палітыкі. Ёсць настаўнікі, якія вучаць дзяцей не толькі профільным ведам. Пры тым што вельмі цяжка жыць пад прыгнётам, з думкамі: а ці тое я сказаў, ці тое запосціў? Я таксама ў апошнія гады прыстасоўвалася да сістэмы, каб мяне не чапалі. Толькі дзеля таго, каб заставацца на сваёй працы, каб можна было зачыняць дзверы і выкладаць матэматыку. Пры гэтым я выкладала не проста матэматыку — формулы можна і ў гугле знайсці. А вось вырашыць жыццёвую задачу: як паступіць слушна, як быць усвядомленым чалавекам, крытычна мысліць — вось гэтаму трэба вучыць.
Мы, настаўнікі, можа, нават не ўсведамляем да канца, наколькі мы ўплываем на жыццё нашых вучняў. Я ведаю, што кожны з нас памятае тых, хто сапраўды адкрыў для вас нейкі цуд, паказаў, што вы як чалавек на шмат што здольныя. І тых, хто паказваў, што вы ніхто, што вы мусіце ведаць сваё месца.
Мне падаецца, што б там ні было ў краіне, мы павінны найперш захоўваць і выхоўваць чалавечыя якасці. Каб не было таго, што цяпер адбываецца ў свеце — чалавецтва прайшло столькі войнаў, але мы ўсё роўна апынуліся ў той жа кропцы».
Калі вы хочаце падтрымаць і дапамагчы Таццяне з дачкой наўпрост, пакуль сям’я знаходзіцца ў чаканні дакументаў, напішыце ёй у фэйсбуку.