Былы праграміст Полацкага райвыканкама вярнуўся з Варшавы. Атрымаў палітычны тэрмін і статус «тэрарыста»
32-гадовы Вячаслаў Дземянчонак быў абвінавачаны ў «нанясенні шкоды нацыянальнай бяспецы Беларусі».
Вячаслаў Дземянчонак. Фота: фэйсбук
Сілавікі дадалі ў спісы «экстрэмістаў» і «тэрарыстаў» 32-гадовага жыхара Наваполацка Вячаслава Дземянчонка. Яго палітычны прысуд па ч. 3 арт. 361 Крымінальнага кодэкса ўступіў у сілу.
Дземянчонка абвінавачвалі ў «шкодзе нацыяльнай бяспецы Беларусі». Яму маглі прысудзіць ад 4 да 12 гадоў зняволення, аднак прысуд у любым разе звязаны з калоніяй. Сутнасць абвінавачвання і дакладны тэрмін невядомыя.
Вячаслаў Дземянчонак нарадзіўся ў 1993 годзе ў вёсцы Шпакоўшчына Полацкага раёна. У 2013-м скончыў Полацкі гандлёвы-тэхналагічны каледж па спецыяльнасці «тэхнік-праграміст» і трапіў на год на працу ў аддзел культуры Полацкага райвыканкама, быў там інжынерам-праграмістам. Далей уладкаваўся электраманцёрам у Полацкі аддзел Дэпартамента аховы МУС. Пасля працаваў праграмістам у Полацкім псіханеўралагічным дома-інтэрнаце для састарэлых і інвалідаў.
У 2021-м Дземянчонак скончыў факультэт інфармацыйных тэхналогій Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта, пасля чаго працаваў інжынерам-электроншчыкам у Наваполацкай цэнтральнай раённай бальніцы, адкуль звольніўся восенню 2022 года.
За наступныя гады ў сацсетках былі пазнакі, што хлопец жыў у Гродне і ў Варшаве. Апошні раз Дземянчонак быў анлайн у канцы 2023 года. Пасля гэтага, хутчэй за ўсё, і быў арыштаваны.