БЕЛ Ł РУС

У Жыровіцах дашчэнту разбіраюць барочную царкву XVIII стагоддзя

10.05.2025 / 8:0

Nashaniva.com

Разабраліся, што адбываецца з помнікам драўлянага дойлідства, які знаходзіцца пад аховай дзяржавы.

Яшчэ летась з царквы знялі ўсю шалёўку, а на могілках павысякалі ўсе дрэвы. Фота: sobory.ru

На апублікаваных у сацсетках фота бачна, што драўляная Георгіеўская царква на мясцовых могілках ужо без шалёўкі, даху і купала. Людзі кажуць, што гэта чарговы акт вандалізму ад Рускай праваслаўнай царквы, калі пад выглядам рэканструкцыі фактычна зносіцца пярліна беларускага дойлідства.

Храм сапраўды разбіраюць да падмуркаў, як вынікае з праектнай дакументацыі, распрацаванай «Гроднаграмадзянпраектам». Праектам рэканструкцыі Геогіеўскай царквы Свята-Успенскага Жыровіцкага манастыра, галоўным архітэктарам і навуковым кіраўніком якога адначасова выступае Алена Счасная, прадугледжана поўная перакладка вонкавых сцен з заменай трухлявых брусоў на новыя — старога дрэва застанецца не так шмат.

Георгіеўская царква без даху і купала ў цяперашні час. Фота з сацсетак

Храм загадкавага ўзросту

Царква знаходзіцца на манастырскіх могілках, што размяшчаюцца на высокім пагорку на поўначы мястэчка, на пэўным аддаленні ад самога манастыра. Пагорак вельмі высокі — 13 метраў, а таму царква, якая знаходзіцца ў самым высокім пункце Жыровіцаў, добра праглядаецца з розных ракурсаў.

Георгіеўская царква да пачатку рэканструкцыі. Фота: Гугл Карты

Могілкі на гэтым пагорку ўзніклі ў XVIII стагоддзі пасля эпідэміі чумы. Пасля заканчэння Паўночнай вайны спустошаная мясцовасць сутыкнулася з заняпадам і хваробамі. Асабліва знішчальнай стала маравая пошасць, якая цалкам спустошыла Жыровіцы і манастыр. 3 усяе браціі выжыў толькі адзін іераманах, які пахаваў больш за 600 чалавек, што загінулі ў час эпідэміі.

Георгіеўская царква і Жыровіцкі манастыр на дальнім плане. Фота: Гугл Карты

Георгіеўская царква з боку апсіды да пачатку рэканструкцыі. Фота: Гугл Карты

А вось з гісторыяй узнікнення самой царквы не ўсё так адназначна. Пра яе гісторыю мала што вядома, архіўныя матэрыялы пра будаўнічыя і рамонтныя працы адсутнічаюць. У пісьмовых крыніцах і сярод даследчыкаў няма адзінага меркавання пра дату будаўніцтва царквы.

У Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей яна ўнесена як помнік канца XVIII стагоддзя, 1790-м годам яе датуюць і сучасныя гісторыкі архітэктуры. Паводле меркавання мастацтвазнаўца Аляксандра Ярашэвіча, царква, хутчэй за ўсё, пабудавана ў сярэдзіне XVIII стагоддзя, бо яе алтарны абраз «Цуд Георгія над змеем» быў напісаны мастаком Нікадзімам Прачыцкім у 1751 годзе для новай царквы.

Яшчэ летась з царквы знялі ўсю шалёўку, а на могілках павысякалі ўсе дрэвы. Фота: sobory.ru

Але рускі гісторык Пампей Бацюшкаў у выпуску «Помнікі рускай даўніны ў заходніх губернях» за 1868 год піша: «Царква драўляная св. Юрыя, адбудаваная больш за 200 гадоў таму назад намаганнямі манастыра і перанесеная ў гэтае месца стараннямі ігумена Георгія Шаталовіча».

Гэтай жа версіі прытрымліваецца мастацтвазнаўца Тамара Габрусь. У акце абследавання Георгіеўскай царквы прадстаўнікамі Галоўнага ўпраўлення па справах архітэктуры пры Савеце Міністраў БССР, праведзенага ў 1946 годзе, пазначана дата — 1650 год.

Шалёўка франтона са слядамі роспісаў. Фота: sobory.ru

Роспісы на франтоне і надпісы на брусе-лісіцы, якія плануюць захаваць. Чарцёж з праектнай дакументацыі

Сцены храма былі ашаляваныя гарызантальна ў XIX стагоддзі. На адной з лісіц, вертыкальных брусоў-сцяжак, на галоўным фасадзе высечаны тры надпісы — 1846, MCD9VIII, XMJ.

На паўночнай ускраіне могілак захаваліся руіны мураванай агароджы з цаглянымі пілонамі брамы, пабудаваныя ў сярэдзіне XIX стагоддзя ігуменам Мікалаем Рэдутам. Усходняя частка агароджы, відаць, была разбурана за савецкім часам, калі вайскоўцы рабілі грунтавы праезд для больш пакатага спуску да вуліцы і не ўмацавалі стромкі адхон. 

Рэстаўрацыя могілкавай агароджы. Чарцёж з праектнай дакументацыі

Рэстаўрацыя пілонаў могілкавай брамы. Чарцёж з праектнай дакументацыі

Што робяць

Калі коратка — Георгіеўскую царкву плануюць разабраць да падмуркаў і сабраць наноў. Праўда, амаль увесь аўтэнтычны матэрыял царквы спісаны ва ўтыль: кроквенная сістэма даху, перакрыцці, канструкцыя купала, шалёўка, карнізы, адлівы, падлогі, лесвіца.

Цёмным колерам пазначаны фрагменты зруба, якія будуць цалкам заменены новым брусам. Чарцёж з праектнай дакументацыі

Нават ад самога зруба, мяркуючы па чарцяжах, застанецца менш за палову — толькі 40%. І гэта пры тым, калі пры разборцы храма раптам не выявяцца «схаваныя дэфекты» ў тых брусах, якія хацелі паўторна выкарыстаць. Можна чакаць, што для выканання фармальнага аднаўлення ў цалкам новы зруб уставяць пару старых брусоў. 

У праекце тлумачыцца, што канструкцыі царквы пашкоджаны насякомымі, гніллю і маюць падоўжаныя расколіны, а паводле абследавання, праведзенага «Гроднаграмадзянпраект» у 2022-2024 гадах, алтарная частка знаходзіцца ў перадаварыйным стане, а астатні зруб — у непрацоўным.

Канструкцыя купала, якую збяруць з цалкам новых элементаў і пакрыюць меддзю. Чарцёж з праектнай дакументацыі

Паўторна выкарыстаны будуць вокны, дзверы, іканастас, балюстрада хораў і іншы дэкор інтэр'ераў. А таксама захаваюць і адрэстаўруюць элементы, на якіх былі знойдзены роспісы і надпісы: гэта бэлька над іканастасам, шалёўка ў алтарнай частцы і ў кладоўцы, на галоўным фасадзе — ужо згаданая лісіца з надпісамі і шалёўка франтона, на якой былі выяўленыя намаляваныя пальмавыя галіны і несапраўднае круглае акно.

Падоўжаны разрэз Георгіеўскай царквы. Чарцёж з праектнай дакументацыі

Рэстаўрацыйны праект дэталёвы і грунтоўны, але, як для помніка архітэктуры, паводле яго захоўваецца надта мала арыгінальных элементаў. Узнікае парадокс карабля Тэсея — калі ўсе часткі аб'екта замяніць на новыя, ці застаецца аб'ект тым жа аб'ектам?

Каляровыя супярэчанні

Ёсць і іншыя пытанні да праекта. Напрыклад, па каляровым рашэнні ў праекце можна зразумець, што храм стане двухкаляровым — асноўны аб'ём застанецца зялёным (каталожны колер RAL 6021), а франтон з роспісам і вежа стануць чамусьці белымі (Altweiss). 

Каляровае рашэнне Георгіеўскай царквы. Чарцёж з праектнай дакументацыі

Каляровае рашэнне Георгіеўскай царквы. Чарцёж з праектнай дакументацыі

Колер, у які была першапачаткова памаляваная царква, і колер, які закладзены ў праекце

Паводле ж прыкладзенага да праекта заключэння праведзеныя навукова-праектным цэнтрам «Рэстабіліс» даследаванні паказалі, што

фасады першапачаткова, верагодна, не былі памаляваныя ўвогуле, пасля першы раз — у аранжава-карычневы колер (RAL 8023), а пры наступных рамонтах — у розныя адценні зялёнага. Чаму выбраны не першапачатковы карычневы колер і адкуль узяўся белы — ў праекце не тлумачыцца.

Ёсць і больш дробныя рэчы: у рэстаўрацыйным заданні, напрыклад, прапісана аднаўленне металічнай брамы, але ў праекце яе няма зусім.

Лішнія магілы

Фрагмент генплана царквы. 14 магіл, якія па праекце будуць перанесены ў іншае месца на могілках, пазначаны вынаскай «см. примеч. 5». Чарцёж з праектнай дакументацыі

Брук вакол царквы, які з'явіцца замест магіл. Чарцёж з праектнай дакументацыі

Яшчэ адзін вельмі дзіўны элемент цяперашняй рэстаўрацыі могілкавай царквы — перанос адразу 14 магіл, якія размяшчаліся вакол храма, у іншае месца могілак. Іх пераносяць, каб яны не заміналі работам, але асноўная прычына, відаць, у жаданні выкласці брукам тэрыторыю вакол царквы.

Раскапаная магіла каля Георгіеўскай царквы. Фота з сацсетак

Парэшткі з раскапаных магіл. Фота з сацсетак

У сацсетках ужо з'явіліся фотаздымкі раскапаных магіл каля Георгіеўскай царквы і вынятых з іх чалавечых парэшткаў. 

Ці сапраўды варта было турбаваць парэшткі больш як дзясятка людзей толькі для таго, каб зрабіць прыгожа? Да могілкавых цэркваў заўсёды шчыльна прымыкаюць магілы — ці не ёсць гэта натуральным гістарычным асяроддзем для помніка? 

Хто вінаваты?

Галоўнае пытанне гэтых работ — ці быў такі аб'ем замены аўтэнтычнага матэрыялу новым выключна адзіным варыянтам рэканструкцыі храма. З яго выцякае і адказ на пытанне, ці варта да падмуркаў разбіраць старадаўні храм. Помнікі драўлянага дойлідства выглядаюць як канструктар, які можна разабраць і сабраць назад, але на практыцы ўсё больш складана. Часта выяўляецца, што разуменне драўлянай архітэктуры страчана сучаснымі дойлідамі і майстрамі, і нават тое, што добра зафіксавана, абмерана і вычарчана, яны аднавіць як было не могуць.

Далёка хадзіць не трэба, можна паглядзець на тое, што атрымалася з дамкамі, якіх пераносілі з аднаго канца Паўночнага завулка ў Мінску ў сувязі з будаўніцтвам метро, ці на сядзібу князёў Мяшчэрскіх у Клімавічах, якую літаральна нядаўна разабралі і аднавілі з новых матэрыялаў. Помнікі не вярнуліся назад — атрымаліся блізкія копіі, але вельмі грубыя і недакладныя.

Ці можна паўтарыць Георгіеўскую царкву такой, якой яна была да разборкі? Пакажа час.

Але калі не, то хто будзе вінаваты? Праектны інстытут, які такое рашэнне заклаў, навуковы кіраўнік, які яго прыняў, чыноўнікі і эксперты, якія патрабуюць невядома чаго і ў сціплыя тэрміны, сябры Рады пры Мінкультуры, якія не завярнулі такое рашэнне, будаўнікі, якія не ўмеюць будаваць так, як будавалі стагоддзі таму? Гэта будзе на сумленні кожнага, хто паставіў свой подпіс. 

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула