Дзе глядзець фільмы і серыялы анлайн у беларускай агучцы?
Расказваем, дзе на прасторах інтэрнэту можна знайсці кіно на вечар — у беларускай агучцы ці з субцітрамі.
Кадр з фільму «Адзін дома» / 20th Century Fox
«Кінакіпа»
Больш за 1300 фільмаў з беларускай агучкай ці субцітрамі прапануе праект «Кінакіпа». Рэпертуар — сусветна вядомае кіно, серыялы і мультфільмы.
У тэлеграме за ініцыятывай сочаць больш за 11 тысяч чалавек — стужкі там публікуюцца гатовымі для прагляду файламі.
А на сайце свой фільм на вечар можна выбраць праз фільтры: год выпуску, краіна, папулярнасць і іншыя. Хаця ўсё кіно дасяжнае бясплатна, стваральнікі прапануюць ім падзякаваць: данат на адзін даляр дапаможа аплаціць 120 гадзін стрымінгу, а пяць даляраў — 600 гадзін прагляду.
Што глядзець: «Частыя пабочныя эфекты». Амерыканскі мультсерыял для дарослых пра змаганне сяброў з вялікай фармакалагічнай кампаніяй.
Скрыншот: kinakipa.site
Screenka
Screenka — яшчэ адзін сайт з беларускамоўнай агучкай ці субцітрамі на фільмы, але за прагляд давядзецца заплаціць.
Падпіска на месяц для адной прылады будзе каштаваць 2,99 даляра, а на год для трох прылад — 24,99 даляра. Ёсць розныя планы.
Што глядзець: «Этэрнаўт» — навінка ад Netflix пра тое, як аргенцінцы перажываюць апакаліпсіс.
Скрыншот: screenka.com
«Кінаконг»
На сайце «Кінаконгу» глядач знойдзе не так шмат фільмаў, але выбраць усё адно ёсць з чаго. Асабліва для дзяцей: ініцыятыва агучыла некалькі папулярных мультфільмаў — у тым ліку «Свінку Пэпу» і «Чарапашкі-ніндзя». Прагляд — бясплатны.
Што глядзець: Дзіцячы мультсерыял «Роня, дачка разбойніка». Фантастычнае апавяданне па матывах кнігі Астрыд Ліндгрэн.
Скрыншот: movie.kinakong.by
ANIBEL
Асноўны кантэнт ANIBEL — анімэ і манга ў беларускай агучцы ці з субцітрамі, але ёсць і іншыя фільмы. Знайсці нешта па сваім гусце дапамогуць раздзелы на платформе — акрамя відэа, тут ёсць і пераклады на беларускую мову для гульняў.
Што глядзець: «Евангеліён». Японскі анімэ-серыял пра змаганне чалавецтва з таямнічымі «Анёламі» — гіганцкімі іншапланетнымі істотамі.
Скрыншот: anibel.net
«Лагодны цмок»
Аматарскі праект. Аўтар часта выкарыстоўвае гатовыя субцітры і агучвае фільмы ці кароткія скетчы па іх.
Адметнасць «Лагоднага цмока» — гумарыстычныя стужкі і мультфільмы, кароткі метр і дакументальнае кіно.
Што глядзець: «Гамбіт каралевы». Серыял пра жыццё амерыканскай шахматысткі з субцітрамі на беларускай мове.
Скрыншот: la-cmok.me
«Гаварун»
Стваральнікі «Гаваруна» імкнуцца перш за ўсё дапамагчы маладым бацькам выхаваць сваіх дзяцей на беларускай мове. Тут — агромністы выбар мультфільмаў і серыялаў для дзяцей у беларускай агучцы, аўдыякнігі і песні.
Прагляд дасяжны праз падпіску: мінімальная сума за месяц — 15 рублёў, максімальная — 300 рублёў. План падпіскі залежыць ад таго, што вы хочаце атрымаць — толькі мультфільмы ці яшчэ падзяку, згадванне ў роліках альбо нават удзел у агучванні фільма.
Што глядзець: «Мікі Маўс» 2013—2019 гадоў. Легендарны мультсерыял пра прыгоды маленькага мышаняці.
Скрыншот: gavarun.by
«Знічка»
На гэтай анлайн-платформе знойдзеце добры каталог з фільмаў, серыялаў і мультфільмаў розных жанраў. Аднак катэгарызаваць іх нельга — зручней за ўсё шукаць праз поле ў правай верхняй частцы сайта.
«Знічка» публікуе стужкі бясплатнымі да прагляду, часта пазначаючы, хто з іншых беларускіх ініцыятыў займаўся перакладам ці агучваннем.
Што глядзець: «Паразіты». Паўднёвакарэйскі трылер пра небагатую сям'ю з Сеула.
Скрыншот: znichka.space