Лукашэнка: Расія даўно гатовая не проста да перамір’я ва Украіне, а да заключэння міру
«Прэзідэнт Пуцін увогуле нікому нічога не павінен».
Фота: Contributor / Getty Images
Расія даўно гатовая не проста да перамір’я ва Украіне, а да заключэння міру. Аб гэтым Аляксандр Лукашэнка заявіў у Маскве амерыканскаму тэлеканалу NBC, перадае БелТА.
Яго спыталі, ці павінен цяпер прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін пагадзіцца на перамір’е.
«Прэзідэнт Пуцін увогуле нікому нічога не павінен. Каб вы разумелі. Гэта першае. Што датычыцца перамір’я, я магу сказаць яго словамі. Мы з ім пра гэта гаварылі ў апошні раз у Валгаградзе. Яны гатовыя да гэтага. Расія даўно гатовая не проста да перамір’я, а каб мір заключыць», — сказаў Лукашэнка.
«Пытанне не ў Расіі. Таму трэба разбірацца з другога боку, наколькі я ведаю. Як толькі амерыканцы з украінцамі вырашаць, што патрэбен мір, еўрапейцы стануць у шэраг і мір настане», — упэўнены ён.