Канцэрт гурта Metallica выклікаў невялікі землятрус
Канцэрт амерыканскага рок-гурта Metallica ў Блэксбергу (штат Вірджынія) выклікаў невялікі землятрус, паведамляе Fox. І гэта не жарт.
Падчас канцэрту Metallica. Здымак ілюстрацыйны. Фота: Jeremychanphotography/Getty Images
Metallica выступала на мясцовым футбольным стадыёне. Падчас выканання інтра да песні Enter Sandman 60 000 наведвальнікаў канцэрта сталі актыўна скакаць, што і выклікала землятрус.
Гэта пацвердзіла сейсмалагічная абсерваторыя Virginia Tech (VTSO) — пік падземных штуршкоў супаў з часам пачатку выканання Enter Sandman. Дырэктар абсерваторыі Марцін Чэпмен дадаў, што штуршкі зафіксаваў сейсмограф, размешчаны прыкладна за паўтара кіламетра ад стадыёна. Праўда, штуршкі былі не такія моцныя, каб іх можна было вымераць па шкале Рыхтара.
Нягледзячы на незвычайнасць падзеі, яна не з'яўляецца адзінкавай. Падобныя інцыдэнты ўжо фіксаваліся на канцэртах іншых знакамітасцяў. Напрыклад, у 2024 годзе зямля ў Еўропе ўздрыгвала падчас канцэртаў амерыканскай спявачкі Тэйлар Свіфт. Гэта адбылося нават некалькі разоў: першы — падчас выступу ў шатландскім Эдынбургу, другі — у швейцарскім Цюрыху.
Чытайце таксама:
Озі Осбарн і Black Sabbath анансавалі фінальны канцэрт
Ляўчук дасць першы канцэрт пасля нараджэння дзіцяці
З'явіліся ФОТЫ з выступлення Віктара Цоя ў Мінску ў 1989 годзе