БЕЛ Ł РУС

Пуцін прапанаваў Украіне аднавіць мірныя перамовы ў Стамбуле 15 мая

11.05.2025 / 7:34

Nashaniva.com

Прэзідэнт Расіі выйшаў да прэсы а 1:30 ночы і выступіў з заявай.

Уладзімір Пуцін. Фота: Mikhail Metzel, Sputnik, Kremlin Pool Photo via AP

Уладзімір Пуцін прапанаваў Украіне аднавіць мірныя перамовы ў Стамбуле без аніякіх папярэдніх умоваў. Датай ён назваў ужо 15 мая.

«Мы прапануем кіеўскім уладам аднавіць перамовы, спыненыя імі ў канцы 2022 года, аднавіць прамыя перамовы — без аніякіх папярэдніх умоваў. Пачаць прапануем без затрымкі ўжо ў наступны чацвер, 15 мая, у Стамбуле — там, дзе яны раней праводзіліся і дзе былі спынены», — сказаў Пуцін.

Ён звярнуўся да прэзідэнта Турцыі Рэджэпа Эрдагана з просьбай даць пляцоўку для перамоваў. Пуцін дадаў, што Расія нібыта настроеная на сур’ёзныя перамовы з Украінай, у тым ліку на доўгатэрміновае спыненне агню. Пры гэтым ён абвінаваціў УСУ ў парушэнні перамір’я ў гонар 9 траўня.

«Мы настроены на сур’ёзныя перамовы з Украінай. Іх сэнс у тым, каб ліквідаваць першапрычыны канфлікту, перайсці да ўсталявання доўгатэрміновага, трывалага міру ў гістарычнай перспектыве. Не выключаем, што падчас гэтых перамоваў удасца дамовіцца і пра нейкія новыя перамір’і, пра новае спыненне агню — прычым пра рэальнае перамір’е, якое выконвалася б не толькі Расіяй, але і ўкраінскім бокам.

Гэта быў бы першы крок, паўтараю, да доўгатэрміновага ўстойлівага міру, а не пралог да працягу ўзброенага канфлікту пасля даўзбраення, даўкамплектавання УСУ і ліхаманкавага капання акопаў і новых апорных пунктаў. Каму патрэбны такі мір?» — сказаў Пуцін.

Ён падзякаваў за пасрэдніцтва ЗША і іншым краінам, а свой выступ скончыў згадкай пра Бога: «Паколькі ўжо палова другой ночы — адпускаю вас усіх з Богам. Да пабачэння!»

Нагадаем, па выніках перамоваў у Стамбуле ў 2022 годзе быў складзены дагавор, які ва Украіне лічаць капітуляцыяй. Ён сур’ёзна абмяжоўваў украінскае войска і, фактычна, яе суверэнітэт у знешняй палітыцы.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула