Магілёўскіх дзяцей, якія паказалі сярэднія пальцы салюту, адвезлі на мемарыял і прымусілі глядзець «Ідзі і глядзі»
Напярэдадні сілавікі заявілі, што бацькі дзяцей будуць пакараныя. А саміх удзельніц відэа ў нядзелю завезлі ў мемарыяльны комплекс у Борках.
Для магілёўскіх падлеткаў, якія паказалі сярэднія пальцы салюту на 9 траўня, правялі «Урок памяці». У нядзелю дзяўчат завезлі ў мемарыяльны комплекс у вёсцы Баркі, прысвечаны памяці спаленых вёсак.
Для школьніц правялі экскурсію па комплексе, яны ўсклалі кветкі, пасля чаго іх пасадзілі глядзець фрагменты фільма «Ідзі і глядзі» Элема Клімава. Акрамя таго, ім прачытаў лекцыю святар БПЦ Сергій Лабада.
Група падлеткаў паказала сярэднія пальцы салюту 9 мая ў Магілёве і выклала відэа ў інтэрнэт. На наступны дзень сілавікі заявілі, што знайшлі дзяцей.
Як сцвярджалася, у кадр трапілі 6 дзяўчынак ад 13 да 15 гадоў з розных школ горада і раёна. Сябровак здымаў 13-гадовы хлопец.
Непаўналетніх паставяць на прафілактычны ўлік, а тых з іх, якія дасягнулі 14 гадоў, яшчэ і прыцягнуць да адміністрацыйнай адказнасці за дробнае хуліганства.
Бацькам падлеткаў пагражаюць штрафы «за невыкананне абавязкаў па выхаванні дзяцей і абавязкаў па суправаджэнні непаўналетняга ва ўзросце да шаснаццаці гадоў пасля 23:00».
Чытайце таксама:
Стала вядома, як пакараюць магілёўскіх дзяцей, якія непаважліва паставіліся да дзяржаўнага салюту