Беларусы прадаюць бота для запісу на польскую візу
На пляцоўцы «Куфар» з’явіліся аб’явы пра продаж гатовых ботаў, якія дапамагаюць адшукаць і заняць свабодныя слоты для запісу на падачу дакументаў на польскую візу.
Геалакацыя абедзвюх аб’яў — Гродна і вобласць. Бот для запісу абыдзецца ў 900 рублёў, піша Hrodna.life.
Аб’явы ў раздзеле «Гатовы бізнес» выклаў карыстальнік пад імем Валерый. Тавар — код для бота. У сакавіку гатовы бот каштаваў 800 рублёў, у траўні цана вырасла да 900 рублёў. Абедзве аб’явы прапануюцца для аўдыторыі з Гродна і вобласці. Прадавалася такое ж і на «Барахолцы» Onliner.by.
Карыстальнік пад нікам valera2901 спрабаваў прадаць гатовага бота ў лістападзе 2024 года. «Акупаемасць 3—4 месяцы, праца дыстанцыйная — вам патрэбны толькі ноўтбук, магчымы варыянт супрацоўніцтва. Падтрымка праграміста без даплат, магчымы варыянт арэнды бота», — пісаў valera2901.
Улічваючы, што цяпер беларусы гатовыя плаціць ад 400 рублёў за дапамогу ў рэгістрацыі на візы, пакупнік тэарэтычна мог бы акупіць укладанні ўжо з двух першых кліентаў.
Якія схемы прыдумляюць беларусы, каб запісацца на падачу
З-за высокага попыту і немагчымасці самастойна запісацца ў візавыя цэнтры, беларусы прыдумляюць розныя схемы, якія спрашчаюць працэс падачы дакументаў.
У верасні 2024 стала вядома, што беларусы з іншых рэгіёнаў мяняюць прапіску на гродзенскую. Для гэтага яны знаходзяць пасярэднікаў, гатовых прапісваць іх у сваёй кватэры, і плацяць за паслугу да 300 рублёў. На той момант атрымаць працоўную візу ў Гродне было прасцей, чым у Мінску ці Брэсце.
Атрымаць польскую візу ўсё складаней
Працэс атрымання польскай візы для беларусаў ускладнены. Штат консульскіх супрацоўнікаў у Мінску, Брэсце і Гродне за апошнія чатыры гады моцна скараціўся, і візавых анкет сталі прымаць менш.
З студзеня 2024 года ўрад Польшчы згарнуў праграму выдачы віз для фрылансераў, стартапераў і супрацоўнікаў сферы IT «Poland. Business Harbour».
Нават з запрашэннем ад сваякоў, сяброў або працадаўцы запісацца на атрыманне візы самастойна амаль немагчыма. Фірмы-пасярэднікі, якія прапануюць дапамогу ў запісе на польскую візу, бяруць за свае паслугі ад 400 да 1000 рублёў з чалавека ў залежнасці ад тыпу візы.