БЕЛ Ł РУС

Асуджаны за карупцыю гомельскі чыноўнік атрымаў новую высокую пасаду

12.05.2025 / 14:27

Nashaniva.com

Асуджаны за карупцыю былы кіраўнік адміністрацыі Чыгуначнага раёна Гомеля Аляксандр Сівакоў паспяхова ўладкаваўся ў іншую дзяржаўную ўстанову, а яго былая намесніца — Наталля Жук — знайшла працу ў прыватнай структуры. Гэта высветліў «Флагшток» з дапамогай «Кіберпартызанаў».

Абодва чыноўнікі былі затрыманыя і асуджаныя ў 2023 годзе. Як пазней стала вядома, іх абвінавацілі ў перавышэнні службовых паўнамоцтваў, прыпісаўшы шэсць эпізодаў узгаднення пазык для чатырох камерцыйных арганізацый, размешчаных у Чыгуначным раёне, каб тыя змаглі своечасова выплаціць заработную плату сваім супрацоўнікам. Нявыплата зарплаты ў тэрмін на гэтых прадпрыемствах пацягнула б дысцыплінарную і матэрыяльную адказнасць для прадстаўнікоў адміністрацыі.

Абодвух прыгаварылі да трох гадоў пазбаўлення волі з адтэрміноўкай выканання пакарання на два гады. То-бок, былыя чыноўнікі засталіся на волі.

Як высветлілася, ужо ў канцы 2023 года Сівакоў заняў пасаду ва Упраўленні капітальнага будаўніцтва Гомельскага гарвыканкама. А затым пайшоў на павышэнне і ўладкаваўся ў Гомельскае абласное ўпраўленне капітальнага будаўніцтва. Цяпер 55-гадовы экс-чыноўнік працуе ў абласным УКБу якасці намесніка генеральнага дырэктара па жыллёвым будаўніцтве.

Наталля Жук — ужо на пенсіі, тым не менш, таксама адразу знайшла новае месца, на якім працавала прынамсі да канца 2024 года. Гэта вядомая ў Гомелі прыватная кампанія «Бекер-Сістэм», вытворца ПВХ-вокнаў. Пасада былой чыноўніцы невядомая — на сайце кампаніі яна не згадваецца.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула