БЕЛ Ł РУС

Навукоўцы здолелі прачытаць рукапіс, які згарэў амаль 2000 гадоў таму

15.05.2025 / 7:0

Nashaniva.com

Скрутак папірусу спёкся ў час знакамітага вывяржэння Везувія, якое загубіла старажытнарымскія гарады Пампеі і Геркуланум. Дагэтуль не было вядома нават, ці ёсць на ім тэкст. Цяпер жа з дапамогай сучасных тэхналогій і нейрасетак даведаліся нават імя аўтара.

PHerc. 172, адзін з трох геркуланскіх скруткаў, што захоўваюцца ў Бадліянскай бібліятэцы пры Оксфардскім універсітэце. Фота: Vesuvius Challenge Science

Пра гэта піша брытанскае выданне The Guardian.

Абвуглены рукапіс быў сярод соцень скруткаў, знойдзеных у Геркулануме на так званай Віле папірусаў — раскошнай рымскай віле, якая, як лічыцца, належала цесцю Юлія Цэзара. Віла была пахаваная пад попелам і пемзай, калі Геркуланум разам з Пампеямі накрыў піракластычны паток у час вывяржэння Везувія ў 79 годзе нашай эры.

Руіны вілы раскапалі яшчэ ў XVIII стагоддзі і знайшлі старажытную бібліятэку, якая змяшчала прынамсі 1800 скруткаў. Большасць з іх цяпер захоўваюцца ў Нацыянальнай бібліятэцы Неапаля. Але дакументы былі настолькі моцна абвугленыя, што рассыпаліся пры спробах іх разгарнуць, а чарніла часта было немагчыма разабраць. Удалося прачытаць толькі невялікую частку тэкстаў.

Новы этап у спробах чытання геркуланскіх скруткаў пачаўся зусім нядаўна: навукоўцы стварылі іх віртуальныя копіі пры дапамозе камп’ютарнай тамаграфіі, а для аналізу тэкстаў прымянілі нейрасеткі.

У 2023 годзе за прагрэс у прачытанні 3D-копій скруткаў быў абвешчаны міжнародны конкурс Vesuvius Challenge са шчодрым прызавым фондам. Галоўны прыз — 700 тысяч даляраў ЗША — атрымала каманда студэнтаў, якая змагла расшыфраваць 2000 знакаў аднаго з тэкстаў. Выявілася, што рукапіс тычыўся гісторыі Акадэміі Платона.

Цяпер даследчыкі ўзяліся за скрутак PHerc. 172, адзін з трох, што захоўваюцца ў Бадліянскай бібліятэцы ў Оксфардзе — іх падарыў бібліятэцы ў XIX стагоддзі кароль Неапаля і Сіцыліі Фердынанд IV. Абвуглены світак адсканавалі ў ліпені мінулага года ў нацыянальным сінхратронным цэнтры Diamond у Оксфардшыры. На здымках надзвычай выразна бачныя сляды чарніла. Гэта вялікая ўдача, бо звычайна чарніла практычна немагчыма ўбачыць на рэнтгенаўскай тамаграфіі. Магчыма, у гэтым выпадку выкарыстоўвалі асабліва шчыльнае чарніла.

Грэчаскія літары на геркуланскім скрутку, які захоўваецца ў Бадліянскай бібліятэцы пры Оксфардскім універсітэце. Фота: Vesuvius Challenge Science

«Гэта першы скрутак, дзе чарніла было проста бачнае на скане», — кажа Майкл Мак-Оскер, папіролаг з Універсітэцкага каледжа Лондана. — «Ніхто не ведаў, пра што гэты папірус. Мы нават не ведалі, ці ёсць на ім наогул тэкст».

Некалькі месяцаў таму навукоўцы здолелі прачытаць слова «агіда», якое сустракалася ў тэксце як мінімум двойчы. Паступова атрымалася разабраць назву і аўтара тэксту — у самай цэнтральнай частцы світка.

Выявілася, што папірус — фрагмент шматтомнай працы «Пра заганы», напісанай эпікурэйцам Філадэмам у I стагоддзі да нашай эры. Лічыцца, што бібліятэка Вілы папірусаў была сабраная альбо паслядоўнікамі Філадэма, альбо самім філосафам.

Віла Геці ў Малібу была пабудаваная на ўзор Вілы папірусаў. Фота: Wikimedia Commons

Навукоўцы нават вызначылі нумар тома — верагодна, гэта альфа, то-бок першая частка яго працы. Цыкл «Пра заганы і дабрадзейнасці» ўключае не менш за 10 кніг, прысвечаных такім тэмам, як пыха, сквапнасць, ліслівасць і нават кіраванню хатняй гаспадаркай.

Дагэтуль былі вядомыя толькі тры часткі гэтай працы — кнігі 7, 9 і 10. Дарэчы, як і іншыя трактаты Філадэма, яны вядомыя дзякуючы тым нешматлікім скруткам з Геркуланума, якія атрымалася прачытаць яшчэ ў XIX стагоддзі. Цяпер ёсць шанец прачытаць першую кнігу, праз амаль 2000 гадоў пасля яе напісання. 

Скрутак быў абвуглены падчас вывяржэння вулкана, якое знішчыла Пампеі і Геркуланум амаль 2000 гадоў таму. Фота: Vesuvius Challenge

Даследчыкі ўскладаюць вялікія надзеі на PHerc. 172 — мяркуецца, што ён змяшчае больш тэксту, які можна аднавіць, чым любы іншы адсканаваны геркуланскі папірус.

І гэта толькі пачатак. У сакавіку ў цэнтры Diamond былі адсканаваныя яшчэ 18 скруткаў, а яшчэ 20 даследуюць ужо на гэтым тыдні ў Еўрапейскім сінхратронным цэнтры ў французскім Грэноблі.

«Праца ідзе вельмі хутка…», — кажа Мак-Оскер. — «Увесь гэты тэхналагічны прагрэс адбыўся літаральна за апошнія тры-пяць гадоў — і па мерках класічнай філалогіі гэта неймаверна. Усё, што мы атрымліваем з бібліятэкі Геркуланума, для нас новае».

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула