БЕЛ Ł РУС

Падлетак з Круглага перапісваўся з мужчынамі, прыкідваючыся дзяўчынай

13.05.2025 / 16:3

Nashaniva.com

Суд Круглянскага раёна разгледзеў справу ў дачыненні да непаўналетняга мясцовага жыхара, які абвінавачваецца ў махлярстве праз інтэрнэт.

Хлопец размясціў у тэлеграм-чаце знаёмстваў анкету, напісаную ад асобы неіснуючай дзяўчыны. Неўзабаве ў яе здарыўся мэтч з адным з мужчын.

Падчас перапіскі пара дамовілася пра сустрэчы ў Віцебску, а пасля падлетак пераканаў мужчыну пералічыць яму на карту грошы нібыта для аплаты праезду і ежы. У выніку даверлівы суразмоўца зрабіў дзевяць пераводаў на агульную суму 321 рубель.

У судзе падлетак цалкам прызнаў сваю віну. Суд улічыў яго раскаянне і добраахвотнае пакрыццё шкоды, што стала змякчальнай акалічнасцю.

Аднак хлопца ўсё роўна прызналі вінаватым паводле ч. 1 арт. 209 КК і прысудзілі абмежаванне свабоды вольнага часу тэрмінам на 3 месяцы. У гэты перыяд падлетку забаронена знаходзіцца па-за домам з 22:00 да 06:00. Таксама ён абавязаны рэгулярна адзначацца ў органах, якія кантралююць паводзіны непаўналетніх.

Чытайце таксама:

Махляры пачалі рассылаць лісты са штрафамі за парушэнне ПДР

Затрыманыя ўдзельнікі схемы «Алё, мама!», у тым ліку непаўналетні

Беларусам дасылаюць паведамленні пра атручаную ваду на 9 мая

Каментары да артыкула