«Трайпл» зноў выставіў на продаж кавярню «Залаты грабеньчык»
Памяшканне некалі папулярнай кавярні «Залаты грабеньчык» зноў выставілі на таргі. Яны павінны адбыцца 27 мая, а цану знізілі амаль на 700 тысяч рублёў у параўнанні з папярэднім аўкцыёнам, паведамляе Office Life са спасылкай на «БелЮрЗабеспячэнне».
Фота ілюстрацыйнае
Стартавая цана за памяшканне плошчай 790,1 кв. м — 4,941 мільёна рублёў. Мэбля ў гэты кошт не ўваходзіць.
Уласнікам кавярні па-ранейшаму з'яўляецца «Трайпл», хоць пазначана, што аб'ект знаходзіцца пад арыштам судовага выканаўцы.
Фактычна памяшканне кавярні спрабуюць прадаць ужо пяты раз. Апошні аўкцыён, праўда, планаваўся даволі даўно — у снежні 2023-га. Тады за «Залаты грабеньчык» (у той час дзейная ўстанова) прасілі 5,6 мільёна рублёў.
У пачатку 2025 года Юрый Чыж прыняў рашэнне кавярню закрыць, а кампанію, якая ёй кіравала, ліквідаваць.
Чытайце таксама:
Закрываецца знакамітае кафэ «Залаты грабеньчык» у цэнтры Мінска, якое належала Чыжу
Юрый Чыж пайшоў у расійскі суд, каб пазмагацца за свой малаказавод у Геленджыку
У Мінску зноў выставілі на продаж Arena City
Самую дарагую кватэру ў Мінску ў студзені прадалі ў Доме Чыжа