БЕЛ Ł РУС

Вялікая трансфармацыя Airbnb: ад кватэр да ўсяго на свеце

14.05.2025 / 23:37

Nashaniva.com

Airbnb у аўторак запусціла абноўлены дадатак. Карыстальнікі цяпер змогуць прадаваць і купляць і паслугі ад масажу да персанальных трэнераў і кухараў.

Ілюстрацыйны здымак. Фота: Getty Images

Кампанія працягвае пашырацца за межы сваёй асноўнай дзейнасці — кароткатэрміновай арэнды жылля.

«Людзі выбіраюць гатэлі за іх паслугі. Людзі выбіраюць Airbnb за прастору… цяпер мы даём вам найлепшае з абедзвюх магчымасцяў», — заявіў генеральны дырэктар кампаніі Браян Чэскі.

Гэта адбываецца праз некалькі тыдняў пасля таго, як кампанія прадказала магчымае зніжэнне колькасці браніраванняў у ЗША, бо непрадказальная гандлёвая палітыка прэзідэнта Трампа ўплывае на спажывецкія настроі.

Нягледзячы на тое, што з моманту запуску ў 2008 годзе Airbnb прыняў больш за два мільярды гасцей, кампанія сутыкнулася з шэрагам праблем апошнія гады, калі некаторыя гарады пачалі забараняць кароткатэрміновую арэнду.

Новыя паслугі Airbnb спачатку будуць даступныя ў 260 гарадах, і, па словах кампаніі, будуць каштаваць ад менш за 50 даляраў (каля 164 рублёў).

Люксавыя прапановы, якія ўключаюць спа-працэдуры, паслугі фатографаў і візажыстаў, таксама могуць браніраваць людзі, якія не спыняюцца ў жыллі Airbnb.

Абноўлены дадатак таксама мае перапрацаваную ўкладку «Уражанні», якая дазваляе карыстальнікам браніраваць індывідуальныя туры і актыўнасці. Гэтая паслуга ўпершыню з'явілася ў 2016 годзе.

«Падарожнікі цяпер значна больш думаюць пра тое, як індывідуалізаваць сваю паездку, а не толькі як туды дабрацца і дзе спыніцца», — адзначыў дырэктар маркетынгавай турыстычнай фірмы Check-in Asia Гэры Баўэрман у каментары Бі-бі-сі.

Яшчэ адна функцыя новага дадатку — гэта раздзел «Эксклюзівы», які прапануе эксклюзіўныя ўражанні па ўсім свеце, такія як магчымасць пагуляць у пляжны валейбол у Рыа-дэ-Жанэйра з алімпійскай чэмпіёнкай або правесці нядзелю з зоркай Нацыянальнай футбольнай лігі.

Індывідуальныя варыянты, падобныя гэтым, з'яўляюцца часткай больш шырокага трэнду, калі турысты шукаюць нестандартныя ўражанні.

«Так шмат людзей падарожнічала і паспрабавала столькі ўсяго, што мэты або стандарты для ўнікальных уражанняў увесь час змяняюцца», — заўважае кансультантка па люксавых падарожжах Анастасія О’Рыардан.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула