Прэм'ер пракаментаваў вясновыя замаразкі
Найбольш пацярпелі пасевы азімых культур.
Прэм’ер-міністр Беларусі Аляксандр Турчын выказаўся пра вясновыя замаразкі, паведаміла прэс-служба ўрада.
Турчын адзначыў, што для павышэння ўраджайнасці і змякчэння наступстваў замаразкаў, неабходна кампенсаваць страты ў зерневай групе за кошт перасеву пашкоджаных плошчаў аднагадовымі травамі, а таксама кукурузай на зерне.
Кіраўнік урада падкрэсліў, што пагодна-кліматычныя ўмовы 2025 года далі магчымасць сельскагаспадарчым арганізацыям пачаць вясновыя палявыя работы яшчэ ў сакавіку — амаль на месяц раней звыклых тэрмінаў.
— Аднак цёплае надвор’е чаргавалася з рэзкім пахаладаннем і працяглымі замаразкамі з канца красавіка да першага тыдня мая, што негатыўна паўплывала на развіццё сельскагаспадарчых культур ва ўсіх рэгіёнах краіны, — акцэнтаваў увагу прэм’ер-міністр.
Паводле яго слоў, найбольш пацярпелі пасевы азімых культур. Ён заявіў, што пашкоджаныя пасевы патрабуюць дадатковых мерапрыемстваў па доглядзе. А тыя, што выратаваць не ўдалося, трэба перасяваць.
Турчын звярнуў увагу, што ўсе работы павінны быць завершаны да 1 чэрвеня 2025 года.
— Таксама хачу падкрэсліць: бязгаспадарлівасць не атрымаецца спісаць на складанае надвор’е, — адзначыў кіраўнік урада.