У двары з’явіцца басейн. Якія навінкі чакаюць грамадскія лазні Мінска
Падрабязнасці Мінск-навінам паведаміў дырэктар прадпрыемства «Гарадскія лазні» Анатоль Марчанка.
У мужчынскім аддзяленні лазні № 9 на вул. Украінскай ідзе рэканструкцыя парылкі з павелічэннем яе вышыні і плошчы — яна стане самай вялікай сярод усіх лазневых падраздзяленняў прадпрыемства. Таксама абнаўляюць аздабленне, канструктыўныя элементы, робяць падлогі з падагрэвам, абсталёўваюць пакой адпачынку. Рамонт плануюць завяршыць да верасня, пасля чаго пачнуць мадэрнізацыю жаночага аддзялення.
У лазні № 8 на вул. В. Харужай вядуцца рамонтныя работы ў жаночым аддзяленні. Але галоўная навінка — у двары з’явіцца басейн.
— Яго памеры — 15 на 5 метраў, глыбіня — 1,5 метра. Над басейнам зробяць рассоўны купал з полікарбанату. У цёплае надвор’е новы водны аб’ект будзе прымаць наведвальнікаў пад адкрытым небам.
З мужчынскага і жаночага аддзяленняў да басейна прадугледжаны праход праз зашклёную галерэю, дзе, дарэчы, таксама будзе падагрэў падлогі. Тэмпература вады складзе 30—31 градус, што камфортна нават у мароз. Адкрыццё басейна плануецца на пачатак восені, — падзяліўся планамі кіраўнік «Гарадскіх лазняў».
У лазнева-аздараўленчым комплексе «Лазня № 1» на вул. Б. Хмяльніцкага ў мужчынскім аддзяленні да пачатку чэрвеня дадаткова абсталююць фінскую парылку, а існуючую пераабсталююць у рускую — такім чынам іх будзе дзве. Перапланіроўку выконваюць па просьбах наведвальнікаў, якія аддаюць перавагу рускаму пару, адзначыў А. Марчанка.
У лазні № 13 на вул. Баграціёна абсталююць памяшканне хамама. У апошнія гады турэцкія лазні карыстаюцца попытам, канстатаваў суразмоўца. Яны ўжо працуюць у комплексах «Лазня» на вул. Мар’еўскай, «Сухарава» на вул. Сухараўскай, «Лазня № 1», «Сокал» на вул. Бярэзагорскай і ў лазні № 8 на вул. В. Харужай.