БЕЛ Ł РУС

У Таджыкістане адменена крымінальная адказнасць за лайкі і рэпосты

15.05.2025 / 8:42

Nashaniva.com

Прэзідэнт Таджыкістана Эмамалі Рахмон 14 мая падпісаў закон, які выключае з Крымінальнага кодэкса краіны нормы, што прадугледжваюць пакаранне за рэакцыі — так званыя лайкі — і рэпосты ў сацыяльных сетках.

Эмамалі Рахмон. Фота: Wikimedia Commons

Такім чынам, краіна афіцыйна адмовілася ад практыкі, якая на працягу некалькіх гадоў выклікала крытыку як унутры Таджыкістана, так і з боку міжнародных праваабаронцаў, адзначае Радыё Озоді.

Папраўкі тычацца артыкулаў, якія прадугледжваюць пакаранне за публічныя заклікі да тэрарызму і апраўданне тэрарызму ў інтэрнэце. З 2018 года пад гэтыя фармулёўкі падпадала нават мінімальная актыўнасць — ад лайкаў да рэпостаў, за што можна было атрымаць ад 10 да 15 гадоў пазбаўлення волі.

Паводле звестак першага намесніка генпракурора Умеда Карымзада, больш за 1500 чалавек у Таджыкістане цяпер адбываюць пакаранне за каментары і рэакцыі ў сацсетках.

Рашэнне адмяніць крымінальную адказнасць стала працягам ініцыятывы самога Рахмона. Вясной 2024 года ён раскрытыкаваў праваахоўныя органы за празмерна шырокае прымяненне гэтых нормаў, падкрэсліўшы, што «нельга караць людзей толькі за актыўнасць у інтэрнэце». У красавіку ніжняя палата парламента аднагалосна прагаласавала за выключэнне спрэчных палажэнняў.

На сайце прэзідэнта паведамляецца, што закон «адмяняе крымінальную адказнасць за размяшчэнне лайка або іншага знака ў сацыяльных сетках». Пасля подпісу прэзідэнта змены ўступілі ў сілу.

У Беларусі за лайкі і рэпосты карыстальнікаў прыцягваюць як да адміністрацыйнай, так і да крымінальнай адказнасці па шэрагу артыкулаў, у тым ліку за распальванне варожасці або прапаганду экстрэмізму. Гаворка пра сотні асуджаных па гэтых артыкулаў.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула