На культавым рынку ў Дварцы з’явіліся першыя лунінецкія клубніцы. Не пытайцеся толькі пра цану
Праз дрэннае надвор'е фермеры не чакаюць вялікага ўраджаю ягад, але тыя, хто перапрафіляваўся на вырошчванне клубніцы ў цяпліцах, будуць «у шакаладзе». «Медыя-Палессе» паглядзела, колькі каштуюць першыя лунінецкія клубніцы.
Клубніцы ў Дварцы. Фота: «Медыя-Палессе»
Клубніцы з'явіліся ў продажы на міні-рынку ў вёсцы Дварэц, што каля трасы М-10 Кобрын-Гомель. Ягада вырашчана ў цяпліцы, але хвацкі смак і водар, як з градкі.
За кантэйнеры 0,5 кг прадаўцы просяць 15 рублёў. Гэта значыць, кілаграм каштуе 30 рублёў. Гэта на сённяшні дзень амаль 9 еўра.
Летась самую першую ягаду прадавалі па 25 рублёў за кг. Па такой жа цане, па назіраннях «Медыя-Палесся», — у 2023 годзе.
Рынак у Дварцы. Фота: «Медыя-Палессе»
Цяперашні сезон паказвае — багацця клубніц не будзе, і, адпаведна, — цана не апусціцца да ўзроўню мінулых гадоў.
Вінаватыя працяглыя замаразкі, якіх Палессе не памятае. Так, да прыкладу, у ноч на 11 мая Палеская метэастанцыя зафіксавала 3 градусы марозу — халадней за ўсё па краіне, трыма суткамі раней — 3,5 градуса марозу (ранейшы лакальны мінімум пратрымаўся 26 гадоў).