БЕЛ Ł РУС

Рэкі на Палессі ўжо цяпер дасягаюць узроўню вады, пры якім лімітуецца суднаходства. А лета яшчэ не пачалося

15.05.2025 / 19:9

Nashaniva.com

Паводле гідралагічнага бюлетэня Белгідрамета ад 15 мая, у мінулыя дні на рэках краіны адзначаўся спад узроўняў вады, у выніку чаго на Сажы каля горада Слаўгарад узровень вады апусціўся ніжэй за адзнаку, якая лімітуе суднаходства, а на Дняпры каля Жлобіна дасягнуў яе, піша «Флагшток».

 Фота: Белгідрамет

Гэта вельмі незвычайная сітуацыя. Раней, згодна з графікамі шматгадовых назіранняў, у красавіку — сярэдзіне мая, наадварот, узровень вады ў рэках, у тым ліку ў Дняпры, быў максімальна высокім пасля вясновай паводкі. Пасля, у выніку гарачага сухога надвор'я, узровень вады апускаўся да крытычнага для суднаходства ўзроўню да канца лета — пачатку восені.

Цяпер жа лета яшчэ не пачалося, а неспрыяльныя ўмовы для працы рачнога транспарту ўжо назіраюцца — з апярэджаннем «графіка» прыкладна на тры месяцы. Выходзіць, што калі тэндэнцыя працягнецца, то да канца лета рэкі і зусім змялеюць.

У найбліжэйшыя дні на Гомельшчыне прагназуюць працяглыя ападкі. Але, беручы пад увагу папярэднюю засуху, наўрад ці можна чакаць, што дажджы прыкметна павысяць узровень вады ў рэках і істотна паўплываюць на сітуацыю.

Па стане на 15 мая спад узроўняў вады з інтэнсіўнасцю 1-8 см за суткі назіраецца на Дняпры, Бярэзіне, Сажы, Прыпяці. На Дняпры каля Магілёва і Жлобіна, Бярэзіне каля Бабруйска і Светлагорска, Сажа каля Слаўгарада назіраюцца неспрыяльныя ўмовы для працы рачнога транспарту. Да канца гэтага тыдня на Сажы каля Крычава ўзровень вады дасягне адзнакі, якая лімітуе суднаходства, адзначаецца ў інфармацыі гідролагаў.

У справаздачы Гомельабгідрамета дадаткова паведамляецца, што на Бярэзіне каля Светлагорска ўзровень вады знаходзіцца ніжэй за адзнаку, якая парушае працу рачнога транспарту, а на асобных участках рэк адзначаецца развіццё расліннасці каля берагоў.

Чытайце таксама:

«Далей будзе засуха». На Палессі перасыхаюць балоты, і гэта можа мець кепскія наступствы

Прыпяць сёлета зусім не разлівалася ФОТАФАКТ

У Беларусі няма мора, але топяцца тут часцей, чым ва ўсім свеце

Каментары да артыкула