У Варшаве паліцыя затрымала беларуса за пагрозы работніку АЗС і захоўванне марыхуаны дома
Яго сужыцеляў таксама абвінавацілі ў захоўванні наркотыкаў, піша Другая камендатура паліцыі Варшавы. На публікацыю звярнуў увагу Reform.
Затрыманы беларус. Фота: mokotow.policja.gov.pl
25-гадовага грамадзяніна Беларусі заўважылі на адной з варшаўскіх АЗС у раёне Урсынаў. Ён прыпаркаваў сваю машыну з парушэннем правіл, на што ўказаў супрацоўнік стаянкі. Тады беларус адказаў, што забярэ машыну, а работніка — заб'е. Пачаў пагражаць пісталетам.
Супрацоўнік АЗС выклікаў паліцыю — беларуса затрымалі на суседняй вуліцы. Аказалася, ён знаходзіўся пад уздзеяннем наркатычных рэчываў.
Затрыманы беларус. Фота: mokotow.policja.gov.pl
Дома ў беларуса правялі вобшук і знайшлі другі пісталет і 60 грамаў марыхуаны. Яго 38-гадовую сужыцельку і яе 17-гадовага сына таксама абвінавацілі ў захоўванні наркотыкаў, але адпусцілі. Беларус застаецца пад паліцэйскім наглядам.