БЕЛ Ł РУС

Як правесці Ноч музеяў у Вільні, Варшаве і Беластоку? Спіс беларускіх падзей

16.05.2025 / 15:39

Nashaniva.com

«Наша Ніва» паглядзела, што могуць наведаць беларусы замежжа ў штогадовую Ноч музеяў.

Пляцоўка Музея Вольнай Беларусі ў Варшаве. Фота: Google Maps

Вільня

Віленскі беларускі музей імя Івана Луцкевіча

Сёлетняя тэма імпрэзы — «Беларускі маляваны вырай». Праграма мерапрыемстваў пачнецца ў сярэдзіне дня кірмашом майстроў.

Пасля абяцаюць гутарку з рэжысёрам спекталя «Маляваныя словы» і паказ фільма з унікальнымі кадрамі з экспедыцыі, якая даследавала жыццё і лёс Алены Кіш і Марыі Прымачэнка.

Далей у планах — выстава, майстар-класы, канцэрт і танцы пад жывую музыку.

Уся праграма тут.

Афіша: Віленскі музей імя І. Луцкевіча

Варшава

Музей Вольнай Беларусі

Цэнтральнай падзеяй ночы музеяў тут стане выстава «Пяць артэфактаў — і толькі адна ноч», якая будзе праходзіць з 12.00 да 00.00.

Наведвальнікі змогуць пабачыць пяць беларускіх гісторыка-культурных артэфактаў, набытых рознымі ініцыятывамі ў эміграцыі. Рэчы ўпершыню будуць аб’яднаныя ў агульны выставачны праект і прадстаўлены толькі адзін раз і толькі на адзін дзень — на гэтай выставе.

У экспазіцыі будзе Статут ВКЛ, выдадзены ў 1693 годзе, дзве Радзівілаўскія карты ВКЛ XVII стагоддзя, кніга «Пэрэгрынацыя» Мікалая Крыштафа Радзівіла і сакрэтны ліст брэсцкага ваяводы Яна Антонія Гараіна, напісаны ў часы першага падзелу Рэчы Паспалітай.

Усе гэтыя прадметы прэзентуе ініцыятыва «Мальдзіс», Клуб беларускіх мецэнатаў пры Беларускай Радзе культуры і Музей Вольнай Беларусі.

Акрамя выставы будзе працаваць дзіцячая пляцоўка «Кабінет картографа».

У 21.00 абяцаюць канцэрт артысткі Паліны Дабравольскай (CHORNABROVA) і спявачкі Леры Дэле (Koob Dele).

Афіша: Музей Вольнай Беларусі ў Варшаве

Беласток

Філармонія, галерэя і пікнік

Ноч музеяў у Беластоку абяцае быць мабільнай і закрануць шмат пляцовак. У планах — пікнік на даху оперы, візіт у філармонію, наведванне некалькіх музеяў і мастацкай галерэі, а напрыканцы — канцэрт Кацярыны Ваданосавай. Імпрэзу ладзіць ініцыятыва «Актыўнымі Быць Файна».

Пачынаецца мерапрыемства ў 15 гадзін з пікніка на даху оперы (збор — перад галоўным уваходам у оперу па вуліцы Адэскай). У 17 гадзін чакаецца візіт у Падляскую оперу і філармонію.

Завершыце вечар у мастацкай атмасферы з выставай «Звярынец у мастацтве» і канцэртам Кацярыны Вадонасавай (у 23.00).

Удзел свабодны, але патрэбна рэгістрацыя.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула