Стала вядома, за што асудзілі грамадзяніна Украіны ў Бабруйску
Палітзняволенага 55-гадовага грамадзяніна Украіны Юрыя Бандарэнку затрымалі год таму — 5 мая 2024 года. Яго абвінавацілі паводле арт. 368 Крымінальнага кодэкса (абраза Лукашэнкі) і асудзілі да аднаго года і шасці месяцаў калоніі. «Вясна» дазналася, за што менавіта асудзілі ўкраінца ў Беларусі.
Фота ілюстрацыйнае
10 ліпеня 2024 года ў судзе Бабруйскага раёна і горада Бабруйска Юрыя Бандарэнку асудзілі паводле ч. 1 арт. 368 КК (абраза Лукашэнкі) да аднаго года і шасці месяцаў калоніі агульнага рэжыму. Прысуд вынес суддзя Андрэй Літвін. Справу разглядалі ў закрытым рэжыме.
Праваабаронцам «Вясны» стала вядома, што Юрый Бандарэнка родам з Крапіўніцкага. У яго ёсць дзіця. Пасля затрымання мужчыну адразу змясцілі пад варту ў СІЗА № 4 у Магілёве.
Паводле абвінавачвання, раніцай 4 мая Бандарэнка каля крамы «Транзіт» выказаўся ў прысутнасці іншых грамадзян у непрыстойнай форме пра Лукашэнку. Згодна версіі абвінавачвання, матывам украінца стала «падтрымка ідэй сацыяльнай нецярпімасці да прадстаўнікоў улады Рэспублікі Беларусь і адкрытая праява непрыязнасці да яе».
Адзін з прысутных звярнуўся ў міліцыю і нават падзяліўся фотаздымкам машыны, на якой з'ехаў Юрый Бандарэнка са сваім таварышам. На наступны дзень украінца затрымалі па абвінавачванні ў абразе Лукашэнкі.
На судзе Бандарэнка прызнаў віну. На пасяджэнні дапыталі сведку, які і данёс на ўкраінца.
Пры гэтым Юрыя асудзілі фактычна толькі на падставе даносу. У якасці доказаў нібыта ягонай вінаватасці сталі звесткі, пададзеныя бабруйцам-даносчыкам, запіс ягонага тэлефоннага званка ў міліцыю, відэазапіс з крамы «Транзіт», які пацвярджае толькі знаходжанне Юрыя Бандарэнкі каля гэтай крамы, і фотавыява машыны Бандарэнкі, на якой ён з'ехаў, з тэлефона даносчыка.
Аўдыёзапісаў і відэазапісаў, якія б пацвярджалі выказванне ўкраінцам абразаў, у матэрыялах справы няма.
Чытайце таксама:
Хто той палкоўнік Жураўскі, які падбіў Зянковіча, Фядуту і Кастусёва на нібыта дзяржаўны пераварот?
«Байсол» маёй эвакуацыяй не займаўся». Два палітвязні выказалі прэтэнзіі Стрыжаку, той адказаў
У расійскую базу вышуку за паўгода дадалі больш за 1200 беларусаў. Шмат вядомых прозвішчаў