Манашак Свята-Елісавецінскага манастыра прагналі з-пад царквы ў Рыме
Прадстаўніц Свята-Елісавецінскага манастыра, вядомага сваёй падтрымкай расійскай агрэсіі, заўважылі за продажам царкоўных рэчаў каля храма ў цэнтры Рыма. Гэта выклікала абурэнне ўкраінскіх і беларускіх вернікаў, распавядае «Хрысціянская візія: НЕ ВАЙНЕ!»
Фота: christianvision \ Telegram
17 мая сясцёр Свята-Елісавецінскага манастыра, якія гандлявалі царкоўнымі ўборамі, заўважылі каля царквы Мадонна Пэрпэтуа Сакорса, што знаходзіцца ў цэнтры Рыма — непадалёк ад базылікі Санта-Марыя-Маджорэ. Храм выкарыстоўваецца ордэнам рэдэмптарыстаў.
Менавіта да гэтага ордэна належаць двое грэка-каталіцкіх святароў з акупаванага Бярдзянска — Іван Лявіцкі і Багдан Гелета, якія два гады правялі ў расійскім палоне, падвяргаліся здзекам і катаванням. У чэрвені 2024 года яны былі вызваленыя ў рамках абмену.
Тое, што прадстаўніцы манастыра, які падтрымлівае расійскую агрэсію і дапамагае расійскай арміі, разгарнулі свой гандлёвы пункт каля храма, не магло не выклікаць абурэння ўкраінскіх і беларускіх вернікаў, і яны звярнуліся да кіраўніцтва царквы.
У выніку кіраўніцтвам прыходу было прынята рашэнне «выгнаць прадаўцоў з храма».