Прэзідэнцкія выбары ў Польшчы: хто асноўныя фаварыты і што яны казалі пра Беларусь
18 мая палякі выбіраюць прэзідэнта. Разам з прэм’ер-міністрам гэта найважнейшая пасада ў дзяржаве. «Свабода» паглядзела, хто асноўныя кандыдаты на прэзідэнта Польшчы і што паказваюць апошнія апытанні.
18 мая палякі выбіраюць прэзідэнта. Фота: AP Photo / Czarek Sokolowski
На прэзідэнцкіх выбарах у Польшчы — 13 кандыдатаў. Гэта прадстаўнікі розных палітычных сілаў і беспартыйныя, прафесійныя палітыкі і тыя, хто да выбараў палітыкай не займаўся.
Хто кандыдаты
- Артур Барташэвіч — беспартыйны;
- Магдалена Беят — беспартыйная;
- Гжэгаж Браўн — «Канфэдэрацыя Польскай Кароны»;
- Шыман Галоўня — «Польшча 2050»;
- Марэк Якубяк — «Фэдэрацыя для Рэспублікі»;
- Мацей Мацяк — беспартыйны;
- Славомір Мэнцэн — «Канфэдэрацыя Свабода і Незалежнасьць»;
- Караль Наўроцкі — беспартыйны;
- Яанна Сэнышын — беспартыйная;
- Кшыштаф Станоўскі — беспартыйны;
- Рафал Тшаскоўскі — «Грамадзянская плятформа»;
- Марэк Вох — «Беспартыйныя самаўрадаўцы — Лучыць нас Польшча»;
- Адрыян Зандбэрг — «Разам».
Адзін з кандыдатаў адкрыта заклікае не галасаваць за яго — Кшыштаф Станоўскі. Некаторыя кандыдаты афіцыйна ідуць на выбары як самавылучэнцы, аднак трывала асацыююцца з канкрэтнымі палітычнымі сіламі або спэктрам. Напрыклад, Магдалена Беят працуе ў Сэнаце ў кіроўнай кааліцыі, у якую ўваходзіць разам з прэм’ер-міністрам Дональдам Тускам. Яна дэкляруе левыя погляды. А Караль Наўроцкі мае падтрыманьне ад правай партыі «Права і Справядлівасьць» (ПіС), якая кіравала краінаю да паразы на парлямэнцкіх выбарах увосень 2023 году.
Гжэгаж Браўн заснаваў сваю палітычную сілу пасьля таго, як выйшаў з «Канфэдэрацыі», якую на выбарах будзе рэпрэзэнтаваць Мэнцэн. Браўн адзначыўся чарадой антысэміцкіх заяваў, ён выступае за выхад Польшчы з Эўразьвязу. Мацей Мацяк крытыкуе і левых, і правых, гэта адзіны кандыдат, які станоўча выказваецца пра Расею і яе кіраўніка Ўладзіміра Пуціна.
Розныя кандыдаты засяроджваюцца на розных тэмах. Напрыклад, Марэк Вох больш хвалюецца за работнікаў сельскагаспадарчай галіны. Яанна Сэнышын абураецца велізарнымі прывілеямі, нададзенымі Касьцёлу. Адрыян Зандбэрг жорстка крытыкуе кіроўную кааліцыю за вялікія праблемы на рынку нерухомасьці і ў мэдычным забесьпячэньні палякаў. Дарэчы, у ранейшых лякальных выбарчых кампаніях толькі партыя Зандбэрга «Разам», якая трымаецца левых поглядаў, выкарыстоўвала на Падляшшы разам з польскай беларускую мову.
Хто фаварыты
Апытаньне ад цэнтру IBRiS для Польскага радыё 24, вынікі якога апублікавалі роўна за тыдзень да прэзыдэнцкіх выбараў, 11 траўня, паказваюць, што будзе другі тур. Найбольшы паказьнік падтрымкі сабраў Рафал Тшаскоўскі — 31,5%. На другой пазыцыі Караль Наўроцкі — 23,6%. На трэцім месцы Славомір Мэнцэн — 12,6%. Для перамогі ж у першым туры неабходна набраць звыш 50% галасоў. Усе прагнозы сьведчаць, што другі тур немінучы.
Рафал Тшаскоўскі
Фаварыт прэзыдэнцкай гонкі Рафал Тшаскоўскі, які саступіў на мінулых выбарах цяперашняму прэзыдэнту Анджэю Дуду з «Права і Справядлівасьці», як і раней, займае пасаду мэра Варшавы. Апанэнты, перадусім Караль Наўроцкі, вінавацяць яго ў непасьлядоўнасьці. У тым, што пры ўладзе ПіС Тшаскоўскі выступаў за прыём мігрантаў, а калі ўладу пераняла ягоная партыя, падтрымаў Дональда Туска ў пытаньні ўзмацненьня кантролю на польска-беларускай мяжы.
Тшаскоўскі адбівае закіды аргумэнтам пра тое, што «Польшча ўжо выканала свае міжнародныя абавязаньні ў справе прыёму мігрантаў». Тшаскоўскі адкрыта падтрымлівае Ўкраіну і называе рэжымы Пуціна і Лукашэнкі злачыннымі.
«Мне выпаў гонар прымаць Сьвятлану Ціханоўскую ў сталічнай ратушы. Мы пагаварылі аб справе Анджэя Пачобута, аб супрацы і падтрыманьні беларускіх арганізацыяў, якія дзейнічаюць у Варшаве», — гаварыў Тшаскоўскі пасьля сустрэчы зь ёй у студзені 2024 году.
Палітык пастаянна падкрэсьлівае, што папярэднія ўлады «раздавалі візы направа і налева», не турбуючыся пра бясьпеку польскай дзяржавы. Ён адзначае, што Польшча надалей мусіць падтрымліваць Украіну і ўмацоўваць войска і дачыненьні з Эўрапейскім Зьвязам. Беларусаў палітык падтрымаў яшчэ ў 2020-м, калі людзі ў Менску і іншых гарадах выйшлі на вуліцы пратэставаць супраць дыктатуры Лукашэнкі.
Караль Наўроцкі
Караль Наўроцкі працуе ў Інстытуце нацыянальнай памяці і займаецца тэматыкай злачынстваў супраць польскага народу. Акрамя таго, ён аўтар кніг пра гісторыю свайго роднага футбольнага клюбу — «Лехія» (Гданьск). Наўроцкага падтрымліваюць Ярослаў Качыньскі і ягоная партыя «Права і Справядлівасьць», але афіцыйна на выбарах Наўроцкі рэпрэзэнтуе сам сябе.
З Наўроцкім зьвязаны адзін з найбольшых скандалаў бягучай выбарчай кампаніі. 11 траўня канал Polsat News паказаў матэрыял журналісцкага расьсьледаваньня, у якім расказаў пра пагадненьне палітыка з уладальнікам кватэры ў Варшаве, якога ў матэрыяле завуць проста «панам Ежы». Мужчына быў падапечным прытулку для састарэлых асобаў у Гданьску і падпісаў з Наўроцкім пагадненьне, згодна зь якім палітык абавязваўся выплаціць камунальныя даўгі пана Ежы, даглядаць старога і забясьпечыць яму нармальнае пахаваньне па сьмерці.
Штаб Тшаскоўскага адразу абвінаваціў Наўроцкага ў тым, што палітык скарыстаўся нямогласьцю старога мужчыны, каб завалодаць жыльлёвай плошчай у Варшаве. Акрамя таго, высьветлілася, што пан Ежы быў на ўтрыманьні дзяржаўнай арганізацыі. Штаб Наўроцкага ў адказ абвінаваціў Тшаскоўскага як мэра Варшавы ў тым, што той «выкінуў 40 сем’яў з цэнтру гораду, абяцаючы рамонт», але ня выканаў сваіх абяцаньняў. Пасьля выкрыцьця зьвестак пра кватэру, аднак, Наўроцкі заявіў, што перадасьць яе на «дабрачынныя мэты».
На пытаньнях расейска-ўкраінскай вайны Наўроцкі засяроджваецца мала, пераважна крытыкуе Тускаў урад за «глябальныя» правалы ў эканоміцы і кепскую сацыяльную палітыку. У час дэбатаў ён адзначаў, што знаходзіцца ў расейскім вышуку за дасьледаваньні «Катынскага забойства» польскіх афіцэраў, таму лічыць абсурднымі ўсе абвінавачваньні ў прарасейскасьці.
Пры гэтым у пытаньні Ўкраіны Наўроцкі дастаткова стрыманы: адзначае, што падтрымліваў бы Ўкраіну больш, калі б Кіеў дазволіў эксгумацыю польскіх ахвяраў УПА і ня дзейнічаў «агрэсіўна» ў пытаньні збожжа, якое, паводле яго словаў, пазбаўляе польскіх фэрмэраў справядлівай канкурэнцыі. Эксгумацыю польскіх ахвяраў Валыні украінскія ўлады апошнім часам аднавілі.
Пра Беларусь апошнім часам Наўроцкі выказваецца толькі ў межах тэмы абароненасьці дзяржаўнай мяжы ад нелегальных мігрантаў, якія штурмуюць рэдуты з тэрыторыі Беларусі. Ён ня лічыць рэжымы Пуціна і Лукашэнкі дэмакратычнымі і называе Польшчу «шчытом Эўропы».
Урад Туска і ягоную партыю Наўроцкі неаднаразова вінаваціў у «абароне нямецкіх інтарэсаў», такія самыя абвінавачаньні раней гучалі з вуснаў дзеячоў ПіС. Цягам 100 дзён ад выбраньня прэзыдэнтам краіны Наўроцкі абяцае зьнізіць цэны на электрычнасьць на траціну.
Славомір Мэнцэн
Славомір Мэнцэн з ультраправай партыі «Канфэдэрацыя» шмат гаворыць пра ўвядзеньне платнай адукацыі і пра скасаваньне ўсіх плянаў прыёму мігрантаў у Польшчу. Таксама рэзка крытыкуе так званы «Зялёны лад», як некаторыя польскія палітыкі называюць комплекс захадаў у абарону прыроды і экалёгіі. Мэнцэн лічыць, што Польшчы трэба рэзка ўмацоўваць войска, цяперашні стан якога ён апісвае як «кволы».
Ён падтрымлівае палітыку прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа і скептычна ставіцца да Эўразьвязу. Пры гэтым спрачаецца зь іншымі правымі і ультраправымі палітыкамі краіны, якія ідуць на выбары — Наўроцкім, Якубякам і Браўнам.
«Канфэдэрацыю» часта вінавацяць у тым, што партыя амаль не выказваецца пра палітыку Масквы і яе сатэлітаў, а гаворыць толькі пра пагрозу масавай міграцыі ў Польшчу. Пры гэтым, аднак, на канкрэтнае пытаньне ў адным зь леташніх інтэрвію Мэнцэн адказаў, што лічыць Пуціна «забойцам», а Расею «дзяржавай-ворагам». Тады ж ён адзначыў, што калі на Польшчу адбудзецца ваенны напад, то ён будзе або з Расеі, або зь Беларусі, дзе пануюць варожыя палякам сілы.
Пры гэтым іншыя палітыкі «Канфэдэрацыі», у прыватнасьці, Конрад Бэрковіч, Януш Корвін, Яцэк Вільк, тады яшчэ сябра партыі Гжэгаж Браўн ня раз палітыку рэжымаў Пуціна і Лукашэнкі падтрымлівалі і абвінавачвалі Эўразьвяз у «двайных стандартах».
Шыман Галоўня
Шыман Галоўня займае пасаду маршалка Сэйму, фактычна трэцюю ў краіне. Апытаньні не даюць яму шмат шанцаў на прэзыдэнцкіх выбарах. Прадстаўнік партыі «Польшча 2050» паходзіць зь Беластоку, дзе шмат аўтахтоннага беларускага насельніцтва, а таксама беларускіх эмігрантаў, асабліва новай хвалі.
Палітык жыве ў Отвацку пад Варшавай. Ён лічыць, што Польшча павінна займацца ператварэньнямі мэдычнай сыстэмы, каб зрабіць яе больш даступнай насельніцтву. Адзначае, што за час палітычнай дзейнасьці займеў дзясяткі карысных кантактаў у Эўропе, што дапаможа Польшчы мець шчыльныя і сяброўскія стасункі з Брусэлем.
Пра Беларусь Галоўня выказваўся ня раз. Ён сустракаўся зь Сьвятланай Ціханоўскай, выказваўся ў прэсе пра беларускіх палітвязьняў. На кожным этапе прэзыдэнцкіх дэбатаў выступаў за ўмацаваньне абароназдольнасьці Польшчы, падкрэсьліваў злачыннасьць рэжыму Пуціна ў Расеі і варожасьць палітыкі Лукашэнкі да Польшчы.
Усякую палёгку ў палітыцы стасоўна уладаў Беларусі Галоўня лічыць магчымай толькі ў выпадку, калі Лукашэнка выпусьціць усіх палітычных зьняволеных.
Чытайце таксама:
«Паперка, а не падстава для выезду». Беларуса з польскім праязным дакументам не пусцілі на самалёт