БЕЛ Ł РУС

Дзяўчынка і даберман з Маладзечна збіраюць у тыктоку мільёны праглядаў

18.05.2025 / 16:30

Nashaniva.com

Эмілія і Рагнар разам гуляюць, глядзяць тэлевізар і абараняюць адно аднаго.

Жыхарка Маладзечна Вераніка вядзе тыкток-канал «Сям'я на максімалках», дзе расказвае, як растуць разам яе маленькая дачка Эмілія і даберман Рагнар. Kraj.by звязаўся з маладой маці.

Тут і далей скрыншоты відэа

Галоўныя героі практычна ўсіх відэа сямейнага канала — Эмі і Рагнар.

— Спрабавала тыкток у 2021 годзе, калі ён толькі пачынаў развівацца ў нас, — успамінае Вераніка. — Мы толькі пажаніліся, паспрабавала 1-2 відэа і ўсё, не зайшло. Чакала, што адразу будзе і мільён падпісчыкаў, і шмат праглядаў. Неяк не склалася. Другая спроба была пасля нараджэння дачкі Эміліі. Гэта былі простыя відэа пра Рагнара, у фармаце: ён прабег з цацкай або есць ёгурт. Хацелася медыйнасці. Калі дачка трохі падрасла, здымала іх разам.

@dober_semya Гипнотизирует inst: nika.tryputska #ЭмиРагнар#ребенокидоберман#доберман#ребенокисобака #приколы#смех#юмор#семья#fyp#молодечно#беларусь ♬ suono originale - Enzo Scacchia

24 мая Эміліі споўніцца ўжо 3 гады. Розніца ва ўзросце паміж ёй і даберманам Рагнарам 1 год 4 месяца. У Рагнара дзень нараджэння 24 студзеня.

Вераніка кажа, што разам з мужам Паўлам яны адказна падышлі да набыцця сабакі. Абмяркоўвалі, шукалі інфармацыю аб тым, як выстройваць узаемаадносіны паміж сабакам і дзіцем. Разумелі, што сабака — гэта не цацка на год ці два.

— Для нас было непрымальна аддаць сабаку. Калі я была цяжарная, Рагнар ад мяне не адыходзіў, любіў класці галаву мне на жывот. Іх знаёмства пачалося пасля вяртання з радзільні. Для сабакі было нечакана, што ў доме з'явіўся яшчэ адзін член сям'і. Ён баяўся, асцярожна прынюхваўся, лізаў ручку малой. Рагнар вельмі тонка ўсё адчувае. Вядома, усё праходзіла пад нашым кантролем, — дадае маладая мама.

Рагнар стаў паводзіць сябе як няня. Калі Эмілія спала ў вазку, ён старонніх да яе не падпускаў. Сам падыходзіў, клаў побач галаву, быў вельмі акуратны.

Адно з першых відэа — як Рагнар паўзком, лежачы на спіне, набліжаецца да малой.

— Мы больш баяліся, што ён можа неўсвядомлена штурхнуць, бо вага вялікая, цяпер крыху больш за 40 кілаграмаў. «Райскае» жыццё пачалося ў Рагнара, калі Эмілія стала падрастаць. Яна адкрывала яму пашчу, пералічвала зубы, цягала за хвост, словам, даставалася яму. Ён цярпеў, калі моцна не падабалася, то проста ўставаў і сыходзіў. Эміліі заўсёды тлумачылі, як рабіць нельга, — акцэнтуе Вераніка.

@dober_semya С кем поведешься от того и наберешься. Ведь так? инстаграм: nika.tryputska #ЭмиРагнар#ребенокисобака#доберман#dog#doberman#gooddog#приколы#дружба#материнство#молодечно#беларусь ♬ Clumsy Situations - Eitan Epstein Music

Для дзяўчынкі складанае імя Рагнар замянілі на Сябар. Цяпер ужо Эмілія не дае ў крыўду дабермана і можа пачаставаць яго прысмакамі.

— Яны не разлі вада. Дзе ён, там і яна. Калі маленькая капрызіла, Рагнар побач стаяў і хваляваўся, па-свойму супакойваў, лізаў ёй шчочкі. Назіраць за імі было цікава, — не стрымлівае эмоцыі суразмоўца. — Ёсць мілае відэа, як Эмілія за сталом сабрала хлебныя крошкі, а самы вялікі кавалак аддала Сябру.

Рагнар — паўнапраўны член сям'і. У іх з Эмі нават цацкі ёсць аднолькавыя.

Відэа стасункаў маленькай дзяўчынкі і вялізнага дабермана хутка сталі папулярнымі. На гэты акаўнт на тыкток зараз падпісана амаль 53 тысячы чалавек. Прагляды дасягаюць 22 мільёнаў, пад кожным з заляцелых відэа — мноства каментароў.

Ёсць у канала і хейтэры.

— Негатыў у асноўным пішуць маці, якія не разбіраюцца ў тэме, але хочуць паказаць сябе. Спачатку я ўступала ў перапіску і тлумачыла ім, што ўсё адбываецца пад кантролем бацькоў, але яны не чуюць довадаў, — тлумачыць Вераніка. — З часам я стала разумець, якія відэа дакладна выклічуць буру эмоцый і выкладвала іх, бо бурнае абмеркаванне ў каментарах у тым ліку дапамагае прасоўванню кантэнту. У паўсядзённым жыцці таксама быў негатыў. Многія не разумеюць, як можна гадаваць разам дзіця і сабаку. Эмілія і Рагнар — прыклад клопату і сяброўскага стаўлення. Яны нават мірацца як брат з сястрой, дзеляцца цацкамі, саступаюць месца на канапе, і самае галоўнае — не даюць пакрыўдзіць адно аднаго. Яны і гарэзуюць разам.

Маладая мама кажа, што яе малая расце вельмі добрай і клапатлівай у адносінах да жывёл. Яна шкадуе ўсіх коцікаў і сабачак, гатовая абдымаць іх, клапаціцца. І самае галоўнае, у яе няма страху.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула