БЕЛ Ł РУС

Будаўніцтва каштавала 60 мільёнаў еўра. Што ўнутры новага міжнароднага выставачнага цэнтра ў Мінску ФОТЫ

18.05.2025 / 17:7

Nashaniva.com

У пачатку мая ў сталіцы афіцыйна адкрылі Мінскі міжнародны выставачны цэнтр. Узвёў яго для горада забудоўшчык жыллёвага комплекса «Паўночны бераг» — інвестар з ААЭ. Realt пабываў унутры новай выставачнай пляцоўкі.

Фота туті далей: Realt.by

Знаходзіцца ММВЦ побач з кальцавой, мікрараёнам Навінкі і новабудоўлямі «Паўночнага берага». Пабудавалі комплекс усяго за 31 месяц, здаўшы збудаванне раней на год. У самыя пікавыя месяцы на аб'екце адначасова працавала каля 500 спецыялістаў.

На будаўніцтва комплексу забудоўшчык выдаткаваў больш за 60 мільёнаў еўра. Усе канструкцыі тут — беларускія.

Зайшоўшы ўнутр выставачнага цэнтра, наведвальнікі трапляюць у велізарны паветраны атрыум (вышыня ў ім — больш за 20 метраў). Тут знаходзіцца рэсэпшн, касы і разумныя турнікеты, якія пры неабходнасці нават вымяраюць тэмпературу наведвальнікаў.

Дах абсталяваны падагрэвам, каб у зімовыя месяцы на ім не збіраўся снег.

Будынак плошчай 37 тысяч квадратных метраў перадаюць кампаніі «Белэкспа», якая стане аператарам цэнтра.

Да 2017 года міжнародныя выставы ў Мінску часцей за ўсё праходзілі ў будынку 1960-х гадоў на вуліцы Янкі Купалы. Потым гэты выставачны цэнтр знеслі (на яго месцы ўжо стаіць гатэль), а сталіца на некаторы час засталася без галоўнага выставачнага павільёна.

У новым комплексе запраектавана 5 выставачных залаў, 5 кангрэс-залаў і 4 канферэнц-залы. Адначасова выставачны цэнтр, які ўзвёў дэвелапер «Рыверсайд Дэвелапмент Лімітэд», можа прыняць 15 тысяч чалавек.

У адной з канферэнц-залу чэрвені гэтага года пройдзе Еўразійскі эканамічны форум.

Побач з ёй знаходзіцца пакой для vip-персон з асобным ліфтам, які вядзе ў рэстаран наверсе.

Цяпер у Мінскім міжнародным выставачным цэнтры стаіць экспазіцыя прысвечана 80-годдзю Перамогі.

На другім паверсе дзясяткі перагаворных. Гэтыя памяшканні можна будзе арандаваць падчас правядзення мерапрыемстваў.

Тут жа на другім узроўні знаходзіцца рэстаран «Лідо», разлічаны на 260 месцаў. Плануецца, што хутка ён запрацуе на пастаяннай аснове.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула