БЕЛ Ł РУС

«Як купіла сукенку на смерць 38 гадоў таму, так і ляжыць». Бабуля з вёскі паказала свой куфар

18.05.2025 / 20:37

Nashaniva.com

Традыцыя рыхтаваць аддзенне на смерць, каб і на тым свеце быць не горшым за іншых, яшчэ жывая ў вёсках. 

Нікіфараўна сустрэла журналістаў у нацыянальным адзенні, таму што нядаўна вярнулася з вясковага свята. Фота: «Смартпрэс»

88-гадовая Юлія Панчэня з вёскі Пагост Жыткавіцкага раёна за сваёй жыццё вышыла шмат ручнікоў і покрывак. Сама яна сустрэла журналістаў «Смартпрэс» у прыгожай святочнай вышыванцы.

Калі Нікіфараўне споўнілася 50 гадоў, яна падумала: пара збіраць адзенне на той свет. У вёсцы гэта звычайная з'ява. Тут разважаюць так: лепш самому выбраць сабе ўбор, чым потым разгубленыя сваякі будуць усё шукаць: «Як купіла сукенку на смерць 38 гадоў таму, так і ляжыць», — кажа Нікіфараўна.

У сваім куфары жанчына захоўвае пакет, сабраны на смерць.

«Гэта тое, што назбірала сабе ў ямку. Вось жоўтая посцілка, каб засцяліць на воз. Але ж, мабыць, на машыне ўжо на могілкі павязуць».

Гэтай посцілкай падчас пахавання павінны накрыць калёсы. Фота: «Смартпрэс»

«Што я яшчэ назбірала? Прасцінку, хустку, фартух. У нас так прынята: калі адзін раз замужам была — табе адзін фартух павяжуць, калі два, то два трэба падрыхтаваць, — тлумачыць жанчына.

У пакеце «на смерць» таксама ляжаць ручнікі, адна святочная сукенка, другая.

«Гэта запасное, каб перапрануцца там, — смяецца Нікіфараўна. — І штаны палажыла, і дзве сарочкі. Хай будзе. Мо, я там танцаваць буду? Я ж гадоў 30 спявала і танцавала ў нашым ансамблі «Міжрэчча».

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула