БЕЛ Ł РУС

Пасажыр напаў на таксіста ў Дубровенскім раёне

19.05.2025 / 9:10

Nashaniva.com

Каля чацвертай гадзіны раніцы ў РАУС Дубровенскага раёна звярнуўся таксіст з Оршы, які заявіў пра ўзброены напад, паведамляе віцебская міліцыя.

Паводле слоў пацярпелага, усё пачалося з выкліку ў Оршы каля трох гадзін ночы. Пасажыр папрасіў адвезці яго ў адзін з аграгарадкоў Дубровенскага раёна.

Прыбыўшы на месца, мужчына заявіў, што ў яго няма наяўных, зайшоў у дом, а затым раптоўна напаў на кіроўцу. Злачынец, пагражаючы прадметам, падобным на пісталет, прымусіў таксіста ўвайсці ў жыллё.

Там ён дастаў нож і пад пагрозай забойства забраў у кіроўцы 250 рублёў. Скарыстаўшыся момантам, таксіст змог выбегчы з дома і з'ехаць на сваім аўтамабілі.

Ужо праз дзве гадзіны пры сілавой падтрымцы байцоў АМАП падазраваны быў затрыманы. Ім аказаўся 33-гадовы аршанец, непрацуючы і раней неаднаразова судзімы.

У дачыненні да мужчыны следчымі заведзена крымінальная справа за разбой.

Фігуранту пагражае да 15 гадоў пазбаўлення волі.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула