БЕЛ Ł РУС

Літва падала пазоў супраць Беларусі ў Гаагу

19.05.2025 / 13:56

Nashaniva.com

Літва падала на Беларусь у Міжнародны суд ААН у Гаазе, абвінаваціўшы рэжым Аляксандра Лукашэнкі ў арганізацыі міграцыйнага крызісу, які парушае нормы міжнароднага права. Пра гэта ў панядзелак паведаміла Міністэрства замежных спраў Літвы, піша LRT.

Лукашэнка выступае перад мігрантамі каля беларуска-польскай мяжы, 26 лістапада 2021 года. Фота: сайт Лукашэнкі

Як паведамляе МЗС Літвы, справа тычыцца парушэння абавязацельстваў дзяржаў па Пратаколе ААН супраць незаконнага ўвозу мігрантаў па сушы, моры і паветры.

«З 2021 года Літва сутыкаецца з беспрэцэдэнтным ростам патоку нелегальных мігрантаў з Беларусі. Доказы, сабраныя літоўскімі ведамствамі, пацвярджаюць прамую датычнасць беларускага рэжыму да арганізацыі патокаў мігрантаў», — гаворыцца ў паведамленні МЗС.

Аб удзеле Мінска сведчыць той факт, што беларускія дзяржпрадпрыемствы павялічылі колькасць авіярэйсаў з краін Блізкага Усходу і іншых рэгіёнаў, арганізавалі выдачу віз і размяшчэнне прыбылых мігрантаў.

Акрамя таго, па прыбыцці ў Беларусь многія мігранты былі скіраваныя да літоўскай мяжы беларускімі сіламі бяспекі і вымушаны перасякаць яе нелегальна — часта ў небяспечных і пагражальных жыццю ўмовах. Паводле звестак МЗС, пагранічныя службы Беларусі, нягледзячы на шматлікія просьбы аб супрацоўніцтве, адмовіліся ўзаемадзейнічаць з літоўскімі ведамствамі з мэтай спынення незаконных перасячэнняў мяжы.

«Літва разглядае гэтыя дзеянні як наўмысную спробу беларускага рэжыму выкарыстаць міграцыю як сродак палітычнага ціску на Літву і Еўрапейскі саюз — у адказ на іх падтрымку беларускай дэмакратыі і санкцыі за парушэнні правоў чалавека», — падкрэсліваецца ў паведамленні.

Паводле звестак МЗС, нягледзячы на інтэнсіўныя двухбаковыя перамовы, спрэчка аб парушэннях Пратакола не была ўрэгулявана, таму Літва ў панядзелак звярнулася ў Міжнародны суд ААН, патрабуючы прыцягнення Беларусі да адказнасці ў адпаведнасці з міжнародным правам.

Патрабаванні Літвы ўключаюць поўную кампенсацыю прычыненай шкоды, уключаючы выдаткі на будаўніцтва сцяны, а таксама гарантыі таго, што дзеянні, што супярэчаць міжнароднаму праву, не паўторацца.

Паводле звестак Службы аховы дзяржаўнай мяжы Літвы, з пачатку міграцыйнага крызісу літоўскія памежнікі прадухілілі 23,6 тыс. выпадкаў нелегальнага пранікнення іншаземцаў у краіну з Беларусі. Адны і тыя ж асобы спрабуюць незаконна перасякаць мяжу неаднаразова.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула