Праект аквапарку ў Віцебску выставілі на грамадскае абмеркаванне
Паводле праектных дакументаў, гэта будзе не ўласна аквапарк, а шматфункцыянальны цэнтр з аквапаркам. Апрача яго, цэнтр прадугледжвае наяўнасць гатэля, каворкінг-прасторы і фітнэс-цэнтра, піша «Віцебская вясна».
Праект распрацаваны віцебскім прадпрыемствам «Квант-Проект», замоўца — ТАА «ФС груп». Будаўніцтва збіраюцца праводзіць за кошт інвестыцый: інвестар выкупіў некалькі карпусоў у ААТ «Віцязь» — былога прадпрыемства па выпуску каляровых тэлевізараў. Перапрафіляваць вытворчасць так і не змаглі, частка карпусоў даўно не выкарыстоўвалася.
«Папярэднія тэрміны рэалізацыі праекта пры эфектыўнай працы і неабходным фінансаванні — каля двух гадоў», — абяцаў у пачатку гэтага года старшыня Віцебскага гарвыканкама Аляксей Героеў.
Увогуле ж гісторыя з будаўніцтвам аквапарку ў Віцебску, дакладней, гісторыя абяцанняў гэтага, цягнецца з 2014 года.
Чытайце таксама:
У Віцебску будуць будаваць аквапарк