БЕЛ Ł РУС

Ветэрану з Гродна 97 гадоў — у 1945-м ахоўваў мост пад Ніжнім Ноўгарадам, а пасля вайны змагаўся з «бандэраўцамі»

20.05.2025 / 11:1

Nashaniva.com

«Калі Іван Аляксандравіч Няўзораў сёння расказваў страшныя ваенныя эпізоды цяперашнім школьнікам, я спачатку падумаў, а ці не рана ім такое чуць… А потым зразумеў — чым раней, тым лепш», — кажа кіраўнік Гродзенскай вобласці Юрый Караеў. Але сведкам якіх страшных ваенных эпізодаў стаў Няўзораў?

Па стане на 1 мая 2025 года ў Беларусі жылі каля 800 ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны.

Пра аднаго з іх на працягу месяца апублікавалі вялікія артыкулы дзяржаўныя газеты «СБ» і «Рэспубліка», яго ўрачыста павіншаваў кіраўнік Гродзенскай вобласці Юрый Караеў і ўручыў юбілейны медаль.

Іван Няўзораў. Фота: sb.by

«Калі Іван Аляксандравіч сёння расказваў страшныя ваенныя эпізоды цяперашнім школьнікам, я спачатку падумаў, а ці не рана ім такое чуць… А потым зразумеў — чым раней, тым лепш», — разважаў Караеў.

Герой публікацый — 97-гадовы ветэран Іван Няўзораў. Якім быў яго шлях падчас Другой сусветнай вайны?

Іван Няўзораў. Фота: sb.by

Іван нарадзіўся ў 1927 годзе ў вёсцы ў Архангельскай вобласці Расіі. Яго прызвалі ў армію ў снежні 1944 года, калі фронт знаходзіўся на тэрыторыі Венгрыі і Чэхаславакіі.

Да канца вайны Няўзораў у складзе гарнізона ахоўваў мост праз раку Клязьму ў раёне Ніжняга Ноўгарада (тады горад Горкі) — за 2000 кіламетраў ад фронту.

З жніўня 1945 года па студзень 1946 года ён прымаў удзел у «ліквідацыі бандыцкіх фарміраванняў у Заходняй Украіне» — такім эўфемізмам называюць змаганне з нацыяналістычным украінскім падполлем. Паводле цяперашняга беларускага закона ўдзельнікаў гэтых пасляваенных аперацый прыраўніваюць да ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны.

Узнагароды Івана Няўзорава. Фота: sb.by

Пасля Няўзораў пад 30 гадоў адслужыў у пагранічных войсках — ва Украіне, у Азербайджане, Германіі — і ўрэшце асеў у Гродне.

Сярод узнагарод Няўзорава — ордэн Айчыннай вайны II ступені, медалі «За перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне 1941—1945 гг.», «За баявыя заслугі».

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула