Затрымалі 11 менеджараў сеткі сэканд-хэндаў «Адзенне з Еўропы»
Па версіі дзяржкантролю, уладальнікі буйной сеткі сэканд-хэндаў незаконна раздрабнілі свой бізнэс і недаплацілі ў бюджэт больш за 3,8 мільёна рублёў. Імаверна, гаворка пра «Адзенне з Еўропы».
У Гомельскай вобласці распачалі крымінальную справу супраць уладальнікаў сеткі магазінаў па продажы патрыманых рэчаў. Іх абвінавачваюць ва ўхіленні ад падаткаў, махлярстве і ўдзеле ў злачыннай групе.
Сама сетка не называецца. Але імаверна, гэта крамы «Адзенне з Еўропы» — іх шыльда была паказана ў сюжэце тэлебачання. «Адзенне з Еўропы» ўваходзіць у тройку самых буйных сетак сэкандаў краіны.
Супрацоўнікі камітэта дзяржкантролю па Гомельскай вобласці заявілі, што службовыя асобы кампаніі, якая займалася рознічным продажам адзення і іншых тавараў сэканд-хэнд, арганізавалі схему ўхілення ад падаткаў.
Яны стварылі яшчэ 12 кампаній, аформілі на іх новыя гандлёвыя кропкі, і падзялялі паміж імі выручку. Гэта дало магчымасць, па версіі КДК, беспадстаўна карыстацца спрошчанай сістэмай падаткаабкладання. У выніку бізнесмены не заплацілі больш за 3,8 мільёна рублёў падатку на прыбытак і ПДВ.
Затрыманыя 11 чалавек. Пры сілавой падтрымцы АМАП на маёмасць фігурантаў накладзены арышт — гэта 15 аб’ектаў нерухомасці, 8 аўтамабіляў агульным коштам 5,5 мільёна рублёў. Акрамя таго, былі канфіскаваныя 315 тысяч долараў ЗША, 150 тысяч еўра і 500 грамаў золата ў злітках.
На дадзены момант затрыманыя ўжо вярнулі 1,9 мільёна рублёў у якасці частковага пакрыцця шкоды, паведамляе КДК.
Рознічная сетка гэтай кампаніі мае 97 крамаў у 12 гарадах, у тым ліку ў Мінску, Гомелі, Гродне, Магілёве і буйных райцэнтрах. Гандлёвыя пункты працягваюць працу, іх дзейнасць не прыпынялася.
Таксама КДК асобна дадаў, што двое падазраваных маюць дачыненне да «экстрэмісцкай» дзейнасці.