Навуковец распавёў пра геалагічныя загадкі Беларусі: іртуць з зямлі і кратар ад падзення метэарыта, які знішчыў усё жывое ў радыусе тысяч кіламетраў
Пра беларускую зямлю напісана нямала, але пра тое, што яна хавае ў сваіх нетрах, вядома не так шмат. У канцы ХХ — пачатку ХХІ стагоддзя на тэрыторыі Беларусі зафіксаваны шэраг незвычайныя геалагічных з'яў, якія не маюць дакладнага вытлумачэння.
Падзенне метэарыта на Зямлю. Ілюстрацыйнае фота
Пра такія з'явы ў артыкуле, апублікаваным у часопісе «Навука і інавацыі», распавёў Яраслаў Грыбік, загадчык лабараторыі геатэктонікі і геафізікі Інстытута прыродакарыстання Нацыянальнай Акадэміі навук Беларусі. На гэта звярнуў увагу канал «De facto. Беларуская навука».
Лагойскі кратар, пра які мала хто ведае
У 1973 годзе за 8—10 км на паўночны захад ад Лагойска геафізікі выявілі дзіўную кальцавую анамалію ў зямлі. Спачатку гэта выглядала проста як незвычайнае зніжэнне электрычнага поля, але далейшыя даследаванні, у тым ліку бурэнне і геафізічныя вымярэнні, пацвердзілі: пад зямлёй — метэарытны кратар, утвораны магутным выбухам.
У 1980-я гады на плошчы 170 км² правялі маштабнае геалагічнае картаванне і прабурылі 28 свідравін. Самая глыбокая дасягнула 1254 метраў, але нават яна не прайшла ўсю зону разрыхлення парод, выкліканага ўдарам.
План Лагойскага кратара
Геафізіка паказала: структура мае дыяметр да 18 км і ўтварае вялікую кальцавую зону менш цвёрдага крышталічнага фундамента. Такія прыкметы — тыповыя для вялікіх выбухных кратараў, утвораных падзеннем метэарыта.
Навукоўцы высветлілі, што каля 40 мільёнаў гадоў таму ў гэтым рэгіёне ўпаў астэроід дыяметрам прыкладна 700 метраў і масай каля 439 мільёнаў тон. Для параўнання — 700 метраў складае адлегласці паміж Палацам спорту і Кафедральным саборам у Мінску. Магутнасць выбуху была ў мільён разоў большай за выбух атамнай бомбы ў Хірасіме. У той час гэтая тэрыторыя была ўзбярэжжам акіяна, і ўсё жывое ў радыусе тысяч кіламетраў было знішчана.
Разрэз Лагойскага кратара
Цяпер кратар цалкам схаваны пад ледавіковымі адкладамі, на паверхні не выяўлены, і яго контуры вядомыя толькі дзякуючы геафізіцы і касмічным фотаздымкам. Гэта першы і пакуль адзіны даказаны метэарытны кратар у Беларусі, і ён з’яўляецца важкім доказам таго, што нетры нашай краіны адчувалі моцнае вонкавае ўздзеянне з космасу.
Жлобінскія алмазы
У 1989 годзе на поўдні Беларусі, у раёне Жлобінскай седлавіны, геолагі выявілі геафізічныя анамаліі, якія сведчылі пра магчымую наяўнасць дыятрэм — вулканічных трубак, праз якія калісьці прарываўся магматычны матэрыял з глыбінь. Усяго на Жлобінска-Рагачоўскім і Уваравіцкім участках прабурылі больш за 70 свідравін.
Чырвонымі зорачкамі пазначаны алмазныя дыятрэмы на Жлобінска-Рагачоўскім і Уваравіцкім участках
У выніку былі знойдзены вулканічныя пароды (брэкчыі), што захоўвалі мінералы высокага ціску — гранаты, хромшпінеліды, ільменіты, якія часта сустракаюцца ў радовішчах алмазаў. Аднак іх склад адрозніваецца ад тыповых алмазаносных асацыяцый, што дазваляе казаць пра бедны або неалмазаносны характар большасці трубак.
Тым не менш у васьмі дыятрэмах Жлобінскага поля (Антонаўская, Асое, Ветачка, Дзяніскавічы, Яленава, Сенажатка, Фёдараўская, Цупер) былі знойдзены 18 мікраалмазаў памерам да 0,3 мм, яшчэ два зярняты — у трубцы Каратажная Уваравіцкага поля.
Улічваючы даныя глыбіннага сейсмічнага зандавання, праведзенага ў межах міжнароднага праекта «Геарыфт‑2013», даследаванні алмазаноснасці нетраў Беларусі з’яўляюцца перспектыўнымі дзякуючы выяўленню дыятрэмаў і алмазаносных палёў.
Ртуць з зямлі
У 1973 годзе жыхарка вёскі Барчанкі Веткаўскага раёна на Гомельшчыне паведаміла геолагам, што ў яе доме з’явіліся серабрыстыя шарыкі. Спецыялісты трэста «Белнафтагазразведка» пацвердзілі: гэта была металічная ртуць, і яе знаходзілі не толькі ў хаце, але і пад падлогай, за тынкоўкай, на двары і нават на градках. З сабранай пробы — больш за 100 грамаў — санітарная служба вызначыла канцэнтрацыю пароў ртуці ў паветры ад 0,0009 да 0,1 мг/м³, што сведчыла пра анамалію, небяспечную для людзей.
Даследаванне выхаду ртуці на паверхню ў вёсцы Барчанкі Веткаўскага раёна, праведзенае ў 2003 годзе
У той час геолагі не чакалі наяўнасці ртуці ў такіх маладых адкладах часоў кайназою — геалагічнай эры, у якой мы жывём цяпер. Раней яе прысутнасць адзначалі толькі ў вельмі старых, дакембрыйскіх пародах. Вёска Барчанкі ж знаходзіцца на мяжы Прыпяцкага разлому і Гомельскай структурнай зоны — рэгіёнаў, дзе могуць праходзіць глыбінныя геалагічныя разломы.
У 2003 годзе тут правялі геафізічную экспедыцыю. З дапамогай спецыяльнага прыбора было зроблена 71 вымярэнне ртутных пароў у глебавым паветры. Найбольшую канцэнтрацыю пароў ртуці выявілі пад верандай дома №2 і перад домам №4 па вуліцы Інтэрнацыянальнай, якія да таго ўжо былі закінуты (ці не праз атрутнасць зямлі?) — менавіта там паказчыкі былі самыя высокія. Таксама павышаныя значэнні фіксавалі ў іншых месцах, асабліва ўздоўж дарогі і каля дамоў №5—7 і №10.
Хаця пытанне пра прыроду гэтай з’явы афіцыйна не вырашана, аўтары даследавання лічаць, што ртуць мае натуральнае паходжанне. Магчыма, яна трапляе на паверхню праз тэктанічны разлом, або звязана з глыбока засыпанай немагнітнай дыятрэмай, аналагічнай той, што сустракаецца на Жлобінскім полі.
Газ з зямлі
У 1985 годзе ў пасёлку Касцюкоўка пад Гомелем пры бурэнні звычайнай свідравіны на ваду з глыбіні 17 метраў раптам пачаў выходзіць газ. Ён быў без паху, гарэў адкрытым полымем і складаўся на 91% з метану, таксама ўтрымліваў цяжкія вуглевадароды і гелій — гэта паказвала на тое, што газ мае глыбіннае паходжанне. На працягу двух месяцаў з зямлі выходзіла да 4,5 кубаметраў газу за суткі.
У 1985 годзе на ўчастку дома №9 па вуліцы Дзярагіна ў Касцюкоўцы пры бурэнні свідравіны на ваду з зямлі пайшоў газ
Пры паглыбленні свідравіны да 19 метраў з'явіўся фантан вады з газам вышынёй каля 10-15 метраў. Паводле сведак, ціск у глыбіні дасягаў 3 атмасфер. Але пры далейшым бурэнні выкід газу спыніўся, і вада ў свідравіне засталася на глыбіні каля 6 метраў ад зямлі.
Праз пагаршэнне смаку вады праз год калонка была ліквідавана. Вада з пабудаванай за 20 м ад яе студні, хоць не было ніякіх прыкмет выкіду газу пры яе будаўніцтве, па словах мясцовых, таксама «нясмачная», але хімічны аналіз не выявіў сур'ёзных адхіленняў.
Дадатковыя даследаванні паказалі ў асобных узорах наяўнасць этану і цяжкіх вуглевадародаў, што характэрна для нафтагазаносных структур. У раёне таксама зафіксавалі анамаліі вадароду і гелію, якія звязваюць з глыбіннымі разломамі зямной кары.
У 2024 годзе на міжнароднай канферэнцыі ў Гомелі было прадстаўлена даследаванне спадарожнікавых здымкаў, якое паказала: у раёне Касцюкоўкі зафіксаваны адзін з самых высокіх узроўняў метану ў трапасферы сярод усёй усходняй часткі Гомельшчыны.
Цёплыя калодзежы
У сакавіку 2007 года ў вёсцы Зацітава Слабада Пухавіцкага раёна жыхары заўважылі, што з калодзежа ідзе пара, а вада стала цёплай. Пасля праверкі спецыялісты зафіксавалі, што тэмпература вады склала 14—15°C, хаця ў суседніх калодзежах яна не перавышала 7—8°C. Праз тыдзень, калі зрабілі асноўныя вымярэнні, вада ўжо пачала астываць, але заставаўся павышаны цеплавы фон.
У 2007 годзе на ўчастку дома № 118 ў Зацітавай Слабадзе Пухавіцкага раёна быў выяўлены «цёплы калодзеж»
Падобныя з’явы былі зафіксаваны таксама ў вёсцы Стрыпуны Астравецкага раёна ў 2009 годзе і на артэзіянскай свідравіне ў пасёлку Карма Гомельскай вобласці ў 2010 годзе. Усе гэтыя выпадкі атрымалі назву «цёплыя калодзежы».
Геолагі мяркуюць, што прычына можа крыцца ў мясцовых геатэрмічных анамаліях — патоках цяпла з глыбіні праз лакальныя падземныя каналы або разломы, якія застаюцца нябачнымі пры звычайным картаграфаванні.