БЕЛ Ł РУС

Еўрапейскія лідары былі агаломшаныя вынікамі размовы Пуціна і Трампа — Axios

20.05.2025 / 14:36

Nashaniva.com

Трамп не толькі не атрымаў ад Пуціна выразнай згоды на спыненне агню, але і адмовіўся ўводзіць новыя санкцыі супраць Расіі.

Прэм'ер Польшчы Дональд Туск, прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі, прэзідэнт Францыі Эмануэль Макрон, прэм'ер Брытаніі Кім Стармер і канцлер Германіі Фрыдрых Мерц падчас сустрэчы ў Албаніі на мінулым тыдні. Фота: KuglerSteffen / Bundesregierung via Getty Images 

Пасля размовы з расійскім прэзідэнтам ён правёў групавую размову з прэзідэнтам Украіны Уладзімірам Зяленскім і кіраўнікамі Германіі, Францыі, Італіі, Фінляндыі і Еўракамісіі, піша Axios са спасылкай на крыніцы.

Яны спадзяваліся пачуць, што ў размове з Трампам Пуцін пагадзіўся на спыненне агню або што ЗША прымуць санкцыі за адмову гэта зрабіць.

Аднак Трамп паведаміў, што Пуцін толькі на словах пагадзіўся на далейшыя перамовы, у якіх ЗША ўдзельнічаць не будуць. Пры гэтым прэзідэнт ЗША выступіў супраць ідэі ўвядзення новых санкцый на дадзены момант. Гэта інфармацыя была пацверджана двума крыніцамі, якія прысутнічалі падчас размовы еўрапейцаў з Трампам, і трэцяй крыніцай, знаёмай з гэтай размовай.

«Трамп стварыў уражанне, што ён набліжаецца да поўнага адходу ад гэтага пытання (новых санкцый). Некаторыя лідары, якія бралі ўдзел у размове, выглядалі «здзіўленымі» або «шакіраванымі», — піша выданне з спасылкай на словы сваіх інфарматараў.

Калі Трамп паведаміў еўрапейскім лідарам, што Пуцін проста пагадзіўся пачаць абмеркаванне ўмоў спынення агню, на лініі на некалькі секунд запанавала здзіўленая ціша, распавядае крыніца. Па словах крыніц, еўрапейскія лідары прама спыталі Трампа пра магчымасць санкцый ЗША супраць Расіі, але той сказаў, што не лічыць гэта добрай ідэяй, і падкрэсліў, што, на яго думку, Пуцін хоча дамовы.

Па словах крыніцы, прэзідэнт ЗША запэўніў еўрапейцаў, што Пуцін паабяцаў прадставіць «мірны мемарандум» са сваімі ўмовамі адносна спынення агню і спынення вайны. Пры гэтым Трамп адзначыў, што ён папрасіў Пуціна прадставіць «нешта, з чым людзі могуць пагадзіцца», а не прапанову, якую будзе неадкладна адхілена.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула