Трамп абвясціў пра стварэнне новай супрацьракетнай абароны ЗША «Залаты купал», якая павінна стаць найлепшай у свеце
Адміністрацыя Дональда Трампа абвясціла аб стварэнні маштабнай сістэмы супрацьракетнай абароны «Залаты купал», якая павінна стаць самай магутнай у гісторыі. Праект, кошт якога можа перавысіць паўтрыльёна долараў, закліканы абараніць ЗША ад пагроз з боку Расіі, Кітая і іншых ядзерных дзяржаў.
Прэзідэнт Дональд Трамп выступае ў Авальным кабінеце Белага дома ў аўторак, 20 мая 2025 г., Вашынгтон. Фота: AP Photo / Alex Brandon
Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп абвясціў аб запуску праекта «Залаты купал» (Golden Dome) — новай сістэмы глабальнай супрацьракетнай абароны, якая, паводле яго слоў, будзе самай эфектыўнай у свеце.
Паводле першасных ацэнак, яе будаўніцтва абыдзецца ЗША ў 175 мільярдаў долараў, але па некаторых падліках выдаткі могуць дасягнуць 524 мільярдаў на працягу 20 гадоў — асабліва калі ўлічваць касмічны кампанент, піша BBC.
Сістэма будзе шматузроўневай і ўключыць наземныя, марскія і касмічныя элементы, у тым ліку перехватчыкі і сістэмы ранняга папярэджання на арбіце. Яна павінна знішчаць ракеты на ўсіх стадыях палёту, нават да моманту запуску, і быць здольнай процідзейнічаць найноўшым тыпам узбраенняў — гіпергукавым і касмічным.
Трамп адзначыў, што «Залаты купал» будзе гатовы да канца яго прэзідэнцкага тэрміну (гаворка ішла пра 4 гады з моманту аб’явы). Першы транш на праект ужо закладзены — 25 мільярдаў долараў.
Стварэнне сістэмы курыруе генерал касмічных сіл ЗША Майкл Гетлайн. Ідэя натхнёная ізраільскім «Жалезным купалам», але значна больш маштабная.
«Залаты купал» стане спробай аднавіць тэхналагічнае лідарства ў сферы абароны і рэагаваннем на пагрозы з боку новых ядзерных дзяржаў, у тым ліку Паўночнай Карэі і Ірана.