«Застой Байдэна душыў Украіну». Што ЗША робяць інакш пры Трампе і чаму ў Кіеве з'явілася надзея
У інтэрв’ю «Медузе» аўтар біяграфіі Уладзіміра Зяленскага, журналіст Time Сайман Шустэр нечакана заявіў: у апошні год прэзідэнцтва Джо Байдэна адносіны ЗША і Украіны былі ў крызісе. Паводле яго слоў, у Кіеве расла стомленасць ад нявызначанасці і браку рашучасці з боку Белага дома. Сітуацыя пачала змяняцца толькі пасля вяртання Дональда Трампа да ўлады.
Уладзімір Зяленскі і прэзідэнт ЗША Дональд Трамп у Саборы Святога Пятра ў Ватыкане, 26 красавіка 2025 года. Фота: прэс-служба прэзідэнта Украіны / Getty Images
Сайман Шустэр, аўтар кнігі «Шоумен: Уладзімір Зяленскі і вайна ва Украіне», падчас вялікага інтэрв'ю адзначыў: апошні год кіравання Байдэна быў вельмі цяжкім для ўкраінскіх уладаў.
«Я часта чуў ад сваіх украінскіх крыніц, што працаваць з амерыканцамі пад адміністрацыяй Байдэна вельмі цяжка, ёсць адчуванне стагнацыі. Маўляў, яны не даюць дастаткова ўзбраенняў, каб пераламіць сітуацыю [на фронце], няма рашучасці, няма жадання дапамагчы Украіне перамагчы. Выжыць — так, а перамагчы — не. Усе гэтыя бессэнсоўныя размовы паміж дзвюма краінамі і іх прадстаўнікамі доўжыліся месяцамі і моцна ўсім [у Кіеве] надакучылі», — сказаў Шустэр.
Па словах журналіста, украінскіх чыноўнікаў «душыў» застой — бессэнсоўныя перамовы, адсутнасць зброі, слабая падтрымка, якая не дазваляла планаваць контрнаступ.
Трамп — не святы, але стварае прастору для манеўру
У гэтым кантэксце, паводле Шустэра, вяртанне Дональда Трампа ў Белы дом многія ва Украіне сустрэлі з надзеяй — хаця гэта можа гучаць дзіўна.
«Мяне заўсёды здзіўляла, калі ўкраінскія дыпламаты казалі: «З Трампам хаця б нешта рухаецца. Ён можа прыняць хуткае, рэзкае, нават непрадказальнае рашэнне», — расказвае ён. Так, яго крокі не заўсёды будуць на карысць Украіне, але з ім хоць нешта адбываецца. А з Байдэнам — нічога», — дадае Шустэр.
«Ён можа зрушыць сітуацыю з мёртвай кропкі, стварыць для Украіны прастору для манеўру, дзеянняў, рэакцыі, хай нават той ці іншы яго ход будзе не на карысць Украіны. А з Байдэнам быў проста застой, які душыў украінцаў і каманду Зяленскага», — кажа Шустэр.
Паводле яго слоў, настроі ў Вашынгтоне пачалі рэзка мяняцца, калі Расія чарговы раз праігнаравала магчымасць для міру. Напрыклад, пасля сустрэчы расійскага дыпламата ў Белым доме ў красавіку адбылася крывавая атака на Сумы — што, па словах Шустэра, «моцна раззлавала Трампа і яго атачэнне».
«Пуцін, прабачце за выраз, прасраў гэты дыпламатычны шанец. І цяпер у Зяленскага добры шанец вярнуцца да звыклай пазіцыі Штатаў у дачыненні да Украіны, да вайсковай падтрымкі і партнёрства з Кіевам, санкцый супраць Расіі», — мяркуе журналіст.