Расіяне накрылі «Іскандэрам» палігон пад Сумамі. Шэсць вайскоўцаў загінулі ВІДЭА
Увечары 20 траўня Міністэрства абароны Расіі апублікавала відэа ўдару па лагеры падрыхтоўкі ўкраінскіх вайскоўцаў у Сумскай вобласці. Паводле ўкраінскага боку, ракета трапіла ў палігон падчас вучэнняў. Загінулі шэсць вайскоўцаў, больш за дзесяць былі параненыя. Падраздзяленне Нацгвардыі, якое выкарыстоўвала палігон, пацвердзіла факт атакі і паведаміла пра пачатак службовага расследавання.
Паводле інфармацыі Міністэрства абароны Расіі, 20 траўня ўвечары быў нанесены ўдар з комплексу «Іскандэр» па тэрыторыі Сумскай вобласці. Па сцвярджэннях расійскага боку, мэтай стаў лагер падрыхтоўкі ўкраінскіх вайскоўцаў.
Пазней гэта пацвердзілі і ва Украіне. Нацыянальная гвардыя Украіны паведаміла, што ракета трапіла па стрэльбішчы, дзе ў гэты момант праходзілі вучэнні.
У выніку загінулі шэсць вайскоўцаў, больш за дзесяць атрымалі раненні.
Па факце трагедыі распачата службовае расследаванне, камандзір падраздзялення адхілены ад выканання службовых абавязкаў, матэрыялы перададзены ў праваахоўныя органы.
«У межах следства будзе дадзена прававая ацэнка дзеянням усіх асоб, якія прымалі адпаведныя рашэнні», — гаворыцца ў афіцыйнай заяве Нацгвардыі.
Адным з першых выпадкі публічна пракаментаваў украінскі дэпутат Аляксей Ганчарэнка, які адкрыта абвінаваціў вайсковае кіраўніцтва ў безадказнасці.
«Гэта проста поўны пі***ц. Палігон фактычна на мяжы з Расіяй. Вораг сачыў за палігонам. Над ім доўгі час вісеў дрон, які і карэктаваў удар», — напісаў ён у тэлеграме.
«Гэта злачынства. Тыя, хто вырашыў праводзіць трэніроўкі вайскоўцаў фактычна на лініі фронту. Людзей увогуле перасталі цаніць. Загады заставацца ў атачэнні палігонаў побач з ворагам. Такое адбываецца ўжо не ўпершыню і не ў другі раз. Да гэтага часу ніхто не прыцягнуты да адказнасці. Гэта пі***ц. Іншых слоў няма», — дадаў Ганчарэнка.