Алі Хаменеі папярэдзіў ЗША і заявіў, што Іран не адмовіцца ад узбагачэння ўрану
Між ЗША і Іранам нарастае напружанасць на фоне працяглых, але ўсё менш выніковых перамоваў па іранскай ядзернай праграме.
Вярхоўны лідар аятала Алі Хаменеі на фоне фота былога аяталы Хамейні. Фота: Office of the Iranian Supreme Leader via AP
Вярхоўны лідар Ірана Алі Хаменеі рэзка адрэагаваў на патрабаванні ЗША спыніць узбагачэнне ўрану, назваўшы іх «вялікай памылкай», піша Bild.
«Ім [амерыканцам] варта пастарацца не казаць глупстваў. Ісламская Рэспубліка не чакае дазволу ні ад кога», — дадаў ён.
Амерыканскі спецпасланнік Стыў Уіткаф, прызначаны Дональдам Трампам, агучыў у адказ жорсткую пазіцыю Вашынгтона.
«Мы не можам дапусціць нават адзін адсотак магчымасцей па ўзбагачэнні», — сказаў ён.
Паводле яго слоў, ЗША настойваюць на поўнай адмове ад ядзернай праграмы як умове для любога пагаднення.
Міжнароднае агенцтва па атамнай энергіі выказвае трывогу: Іран — адзіная краіна без ядзернай зброі, якая ўзбагачае ўран да ўзроўню 60%, што набліжаецца да ўзроўню зброевага (90%). Паводле дадзеных экспертаў, запасы ўзбагачанага ўрану ў Іране ўжо складаюць 275 кілаграмаў — тэарэтычна гэтага дастаткова для вытворчасці некалькіх баявых галоў.
На гэтым фоне іранскі бок адхіліў працяг перамоваў у цяперашнім фармаце. Адзін з удзельнікаў перамоваў з боку Ірана заявіў, што «без права на ўзбагачэнне для нас не існуе ніякага пагаднення».