У Мадрыдзе расстралялі былога дарадцу Януковіча
Падчас Майдану Андрэй Партноў быў першым намеснікам кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Украіны.
У сераду раніцай, 21 мая, у прыгарадзе Мадрыда быў застрэлены 52-гадовы Андрэй Партноў — юрыст і былы дарадца прэзідэнта Украіны Віктара Януковіча.
Забойства адбылося каля 9:15 каля школы, куды Партноў прыехаў на машыне разам са сваімі дзецьмі.
Паводле інфармацыі іспанскай радыёстанцыі Cadena SER, невядомы мужчына, апісаны як высокі і худы, апрануты ў чорнае і з аранжавай сумкай праз плячо, падбег да аўтамабіля Mercedes, у якім знаходзіўся Партноў, зрабіў пяць стрэлаў з блізкай адлегласці.
Партноў загінуў на месцы. Нападнік уцёк пешшу ў напрамку парку Каса-дэ-Кампа і дагэтуль не затрыманы.
Паліцыя разглядае некалькі версій: магчымы ўдзел мафіі, палітычны матыў ці помста. Улічваючы біяграфію загінулага, разглядаецца і сцэнар, звязаны з яго мінулым у структурах улады Януковіча і магчымымі сувязямі з Расіяй.
Партноў быў адной з найбольш набліжаных фігур да Януковіча. Ён займаў пасаду намесніка кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта ў 2011—2014 гадах, у перыяд Еўрамайдану.
Пасля ўцёкаў Януковіча з краіны Партноў выехаў з Украіны і некаторы час жыў у Расіі, пазней — у Вене. Ягонае імя згадвалася ў крымінальных расследаваннях, звязаных з парушэннямі правоў чалавека і карупцыяй.
Партноў быў вядомы сваёй прарасійскай пазіцыяй і актыўным удзелам у палітычных справах Украіны.
Падрабязнасці здарэння пакуль не раскрываюцца, і паліцыя праводзіць расследаванне.