Беларускія і расійскія ютуб-каналы цэнтралізавана баняць няўгодных каментатараў
Галоўны рэдактар Reform.news Фёдар Паўлючэнка, заблакаваны на YouTube-канале Белтэлерадыёкампаніі, выявіў, што трапіў у бан і на дзясятках іншых каналаў — не толькі беларускіх дзяржаўных, але і расійскіх, уключаючы «Комсомольскую правду» і праваслаўны тэлеканал «Союз». Гэта сведчыць пра непублічную, але цесную тэхнічную каардынацыю паміж прапагандыстамі з Беларусі і Расіі. Вось што расказаў Фёдар Паўлючэнка на Reform.news.
«Некалькі месяцаў таму па працы глядзеў прамую трансляцыю на ютуб-канале Белтэлерадыёкампаніі і, як гэта бывае, не вытрымаў, адзначыўся ў чаце — напісаў нешта ў стылі «Саша, што ты нясеш?!». Тут жа быў забанены. Ну, бывае, не вялікая страта, — піша Паўлючэнка. —
Цікавае пачалося потым. Аказалася, бан у дачыненні да майго акаўнта (з іншага акаўнта ўсё даступна) спрацаваў на дзясятках каналаў з розных краін. Цяпер ужо не ўспомню ўсё, але былі вельмі нечаканыя. Сёння праверыў яшчэ раз, і вось што ўдалося сабраць.
Мяне заблакавалі беларускія каналы АНТ, NEWS.by, СТБ, ВаенТБ, СБТВ, БелТА, «Беларусь 24», ТРК «Брэст», Першы нацыянальны канал беларускага радыё і некаторыя іншыя каналы, звязаныя з афіцыйнай дзяржаўнай беларускай прапагандай.
Тут усё больш-менш зразумела. Беларуская дзяржаўная прапаганда сінхранізаваная і кіруецца з аднаго цэнтра. Хаця і даволі дзіўна, што такія дробныя тэхнічныя рэчы, як бан карыстальнікаў, цэнтралізаваны.
Але аказалася, да той жа адзінай базы забаненных карыстальнікаў падключаны і буйныя расійскія праекты. Доступ для мяне, напрыклад, зачынілі на ютуб-канале расійскай газеты «Камсамольская праўда» з 2,24 млн падпісчыкаў.
Здзівіў праваслаўны тэлеканал «Саюз». Ён заснаваны Екацярынбургскай епархіяй Рускай Праваслаўнай Царквы 31 студзеня 2005 года. На яго ютуб-канале я таксама быў забанены».
Як яны гэта робяць?
Усё дастаткова проста, тлумачыць Паўлючэнка.
«У наладах ютуб-канала ў раздзеле «Схаваныя карыстальнікі» можна скапіяваць спіс забаненных і перанесці на іншы канал. Я не знайшоў, як аўтаматызаваць гэты працэс. То-бок яны гэтым спісам абменьваюцца ўручную і працуюць цэнтралізавана».