Мінадукацыі рэкамендуе круціць на школьных выпускных песні нявесткі Лукашэнкі
Міністэрства просіць насыціць пачатак выпускных «песнямі патрыятычнай скіраванасці».
Ганна Лукашэнка (Ганна Сялук). Фота: «СБ»
Міністэрства адукацыі склала спіс песень, якія рэкамендуецца круціць на школьных выпускных вечарах. У спісе ёсць і, як мінімум, тры кампазіцыі, якія напісала нявестка Лукашэнкі Ганна Сялук.
Спіс апублікавала гродзенская даносчыца Вольга Бондарава. Яе абурыла, што там ёсць кампазіцыі блогераў Дзім Дзімыча і Кабякова, з якімі яна даўно ваюе. А таксама некаторых расійскіх артыстаў, тыпу Дзімы Білана і Кіркорава, якіх яна абвінавачвае ў прапагандзе «няправільных каштоўнасцей».
Але ёсць і іншы момант. Сярод рускай попсы ёсць песні Ганны Благавай — спяваючай міліцыянткі і былой жонкі экс-палітзняволенага Сяргея Гуня. Благава, як вядома, актыўна супрацоўнічае з Ганнай Лукашэнкай, жонкай Дзмітрыя Лукашэнкі. Яны ўжо некалькі гадоў збіраюць узнагароды на «Песні года». Вось і ў спісе для выпускных ёсць, як мінімум, адна песня Благавай, тэкст якой напісала Ганна Сялук — «В сюжете имени меня».
Акрамя таго, выпускнікам рэкамендуюць уключаць «Зроблена ў Беларусі» Аляксандры Мелех і «Што ты зрабіў для Радзімы?» — гэта таксама песні нявесткі Лукашэнкі.
Фота: тэлеграм-канал Вольгі Бондаравай
Мінадукацыі строга рэкамендуе арганізатарам выпускных «насыціць пачатак музычнай праграмы творамі патрыятычнай накіраванасці», а песні беларускіх выканаўцаў раўнамерна размяркоўваць у праграме. Сярод беларускіх кампазіцый, дарэчы, адразу пяць песень Насты Краўчанкі— яе адпраўляюць ваяваць з Шаманам за перамогу на «Інтэрбачанні».
Фота: тэлеграм-канал Вольгі Бондаравай
Дарэчы, адсутнасць гэтага самага Шамана вельмі засмуціла Бондараву. Яна звяртаецца да ўладаў, чаму ў спісе Кіркораў і Білан ёсць, а галоўнага Z-спявака — няма.
Акрамя спіса рэкамендаваных песень, выпускнікам разаслалі і стоп-ліст з 87 гуртоў і артыстаў, творчасць якіх на выпускных не вітаюць. У спіс трапілі браты Валерый і Канстанцін Меладзэ, Вера Брэжнева, Верка Сярдзючка, «Бі-2», «Animal ДжаZ», «#2маши», гурт «Нервы» і іншыя.
Чытайце таксама:
«Тандэм, які робіць моцныя хіты». Ганна Сялук і Ганна Благава прадставілі новую «патрыятычную» песню
Былую жонку палітвязня, якая спявае песні Ганны Сялук, ушанавалі на «Песні года»