БЕЛ Ł РУС

У Мінску пабудуюць новы корпус для гарадскога анкалагічнага цэнтра. Цяпер на тым месцы — закінутая бальніца

21.05.2025 / 18:30

Nashaniva.com

У Мінску пабудуюць новы сучасны корпус для гарадскога анкалагічнага цэнтра, дзе будуць аддзяленні медыцынскай рэабілітацыі і рэанімацыі. Ён размесціцца па адрасе Петруся Броўкі, 5. Пра гэта расказала агенцтву «Мінск-Навіны» намесніца галоўнага доктара па медыцынскай экспертызе і рэабілітацыі Ірына Майсевіч.

Будынак закінутай бальніцы на Петруся Броўкі, 5

Цяпер ідуць падрыхтоўчыя работы перад праектаваннем новага будынка. У ім будзе 200 ложкаў для ранняй і позняй рэабілітацыі пацыентаў, а таксама шэсць месцаў у рэанімацыі.

Ірына Майсевіч патлумачыла, што ў цэнтры ўжо ёсць аддзяленне медыцынскай рэабілітацыі, дзе адначасова лечацца 30 чалавек. Ранняя рэабілітацыя пачынаецца адразу пасля праходжання прамянёвай або хіміятэрапіі, каб дапамагчы арганізму аднавіць свае функцыі і папярэдзіць ускладненні.

Большасць анкалагічных пацыентаў маюць патрэбу ў такой рэабілітацыі — некаторыя ў стацыянары, іншыя амбулаторна. Спачатку пацыенты кансультуюцца ў доктара-рэабілітолага, пасля атрымліваюць лячэнне ў паліклініцы. Позняя рэабілітацыя патрэбна, напрыклад, жанчынам з лімфастазам пасля лячэння раку малочнай залозы.

Цяпер па згаданым адрасе Петруся Броўкі, 5 знаходзіцца будынак закінутай бальніцы, нагадвае выданне Blizko.by. Яна была пабудаваная яшчэ да вайны па праекце вядомага архітэктара Георгія Лаўрова. 

З 1975 па 2004 год тут працавала дзіцячая абласная бальніца. Пасля вялікага пажару на верхнім паверсе будынак эвакуявалі, а медыцынскія прыборы і абсталяванне засталіся ўсярэдзіне і паступова былі разрабаваныя.

Тут часта жылі бяздомныя, якія ў 2009 годзе таксама справакавалі пажар. Нягледзячы на тое, што вокны і дзверы закрывалі металам, людзі знаходзілі патаемныя шляхі ўсярэдзіну праз падвал і гарышча, таму будынак працягваў разбурацца. 

У 2007 годзе распрацавалі праект рэканструкцыі будынка, праз тры гады пасля таго, як бальніца была пакінутая. Замоўцам выступала кіраванне капітальнага будаўніцтва Мінскага аблвыканкама. У 2010 годзе абралі падрадчыка і падлічылі кошт рэстаўрацыі — каля 60 мільярдаў недэнамінаваных рублёў, што прыкладна было роўна 20 мільёнам долараў.

У 2019 годзе праект рэканструкцыі ўключылі ў інвестыцыйную праграму Мінска з фінансаваннем з гарадскога бюджэту, але работы так і не пачаліся.

19 сакавіка 2019 года Міністэрства культуры выключыла гэты будынак з дзяржаўнага спісу гісторыка-культурных каштоўнасцяў Беларусі.

Чытайце таксама:

Што правакуе рак і чаму анкалогія маладзее

Сем карпусоў новай інфекцыйнай бальніцы ўзводзяць у Мінску

У Гомелі зносяць недабудаваную бальніцу. На яе месцы будзе паркоўка з «залатым» коштам машынамесца

Каментары да артыкула