БЕЛ Ł РУС

14-гадовая школьніца памерла ў бальніцы ў Ельску

22.05.2025 / 11:43

Nashaniva.com

У Ельскай цэнтральнай раённай бальніцы памерла непаўналетняя дзяўчынка. Ёй было 14 гадоў, паведаміла газета райвыканкама «Народны голас» пасля таго, як інфармацыя пачала абмяркоўвацца ў сацсетках, піша «Флагшток».

Паводле афіцыйных звестак, у Ельскі РАУС 17 мая паступіла паведамленне з ЦРБ пра смерць у рэанімацыйным аддзяленні непаўналетняй. Следчы камітэт праводзіць праверку.

«Пасля правядзення працэсуальных дзеянняў і праверачных мерапрыемстваў па дадзеным факце будзе дадзена прававая ацэнка, у тым ліку і дзеянням асоб, што аказвалі медыцынскую дапамогу», — паведаміў начальнік Ельскага РАСК Аляксей Уласенка.

Канал «Караельск» у TikTok распавёў неафіцыйныя падрабязнасці. Паводле даных рэсурсу, у бальніцу дзяўчынку прывёз бацька — у дзіцяці былі кашаль і хрыплыя гукі ў грудзях. Праз некалькі гадзін пасля шпіталізацыі доктар паведаміла сям’і, што стан дзяўчынкі рэзка пагоршыўся: яна ўпала ў кому і была пераведзена ў рэанімацыю.

Бацькі прыехалі ў бальніцу і на працягу чатырох гадзін, да шасці вечара, чакалі прыбыцця рэанімацыйнай брыгады з Мазыра. Прыехалі двое медыкаў, якія ў выніку адмовіліся ад транспарціроўкі з-за цяжкага стану дзіцяці.

Затым была выклікана брыгада з Гомеля, якая прыбыла толькі каля 00:00. Праз некаторы час бацьку паведамілі пра смерць дачкі. На дадзены момант доктарка, якая лячыла дзяўчынку, працягвае працаваць.

Канал выказвае надзею, што трагедыя зверне ўвагу на недахоп профільных спецыялістаў у рэгіянальных медыцынскіх установах.

Відэа сабрала сотні каментарыяў, у некаторых з якіх карыстальнікі выказваюць сваё бачанне сітуацыі.

Як сцвярджае адзін з каментатараў, «усё адбылося з-за доктара які паставіў няправільную кропельніцу» — у дзіцяці была алергія на антыбіётык.

«Пра гэта доктар папросту мог не ведаць, а маланкавая форма анафілактычнага шоку — гэта не нешта новае! Таму віны доктара тут няма», — адказалі карыстальніку.

«Нармальныя дактары заўсёды робяць пробу на антыбіётык!» — запярэчыў іншы каментатар.

Іншыя карыстальнікі абурыліся тым, як доўга ехалі медыкі з суседняга горада: «Як можна чакаць брыгаду 4 гадзіны з Мазыра? Там ехаць 30 хвілін — гэта гаворыць пра некампетэнтнасць супрацоўнікаў».

У каментарыях таксама згадваецца відэа бацькі дзіцяці, у якім ён распавядае пра тое, што здарылася. Але на яго старонцы гэтага відэа ўжо няма — верагодна, сілавікі прымусілі выдаліць ролік.

У публікацыі раённай газеты начальнік Ельскага РАСК «звяртае ўвагу на недапушчальнасць распаўсюджвання здагадкаў і інфармацыі, не праверанай кампетэнтнымі асобамі» і палохае крымінальнай справай за паклёп.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула