Айцішніцу не выпусцілі з Беларусі. Яна рэгулярна прыязджала з Еўропы, але ў 2025 знайшлі фота з пратэстаў
Як вядома, перад выездам/уездам з/у РБ па-ранейшаму можна праверыць свой статус. Аднак спрыяльны вынік праверкі яшчэ не азначае, што статус не зменіцца пасля перасячэння мяжы.
Такая выснова напрошваецца з гісторыі, якую распавёў чытач devby — рэлакант пра калегу, што не вярнулася ў Еўропу з паездкі дадому.
Паводле яго слоў, калега рэгулярна ездзіла да родных у Беларусь і да гэтага часу спакойна вярталася. Аднак сёлета на зваротным шляху яе развярнулі на мяжы з Польшчай: проста сказалі, што ёсць абмежаванне на выезд, і прапанавалі звяртацца па тлумачэнні ў Аддзел па грамадзянстве і міграцыі
— Яна так і зрабіла, і высветлілася, што абмежаванне накладзена па лініі сілавых органаў праз некалькі дзён пасля яе ўезду — усё таму, што знайшлося фота з пратэстаў 2020 года, дзе яна ў натоўпе на праезнай частцы, — распавёў чытач. — Пры гэтым нічога, здаецца, не прадказвала: ніхто ёй не цікавіўся, не тэлефанаваў і не пісаў.
У выніку дзяўчыну абвінавацілі па «народным артыкуле».
«З умоўна добрага — яна не была арыштаваная. Пасля некалькіх месяцаў следства яе прыгаварылі да двух гадоў «хатняй хіміі». Каб не ўскладняць свой статус «дармаедствам», калега ўладкавалася на працу ў Беларусі. А нашай кампаніі давялося прыпыніць з ёй супрацоўніцтва, хаця мы і дапамагаем, як можам. Яшчэ спадзяёмся папрацаваць разам», — дадаў чытач.