У Гомелі апраўдалі жанчыну-кіроўцу, якая насмерць збіла раварыста
Следчыя высветлілі абставіны ДТЗ, якое адбылося 10 сакавіка ў Гомелі і прывяло да смерці 60-гадовага раварыста. Аказалася, што ён сам быў і вінаваты ў гэтым здарэнні, а жанчына, якія кіравала аўтамабілем, нічога зрабіць для яго прадухілення не магла, паведамляе Следчы камітэт.
Фота: Следчы камітэт
Жанчына з Гомельскага раёна 10 сакавіка ехала на аўтамабілі Volkswagen Golf па дарозе «Цэнтраліт —— Урыцкае —— Уваравічы». Каля 19:37 яна набліжалася да рэгуляванага пешаходнага пераходу каля прыпынку «Аб'язная дарога». Святлофорам ёй быў дазволены праезд — гарэла зялёнае святло.
Раптам на дарогу выехаў раварыст. Кіроўца паспрабавала рэзка затармазіць, але сутыкнення пазбегнуць не ўдалося. Мужчыну даставілі ў бальніцу, дзе праз некалькі дзён ён памёр. На момант здарэння ён быў у стане алкагольнага ап’янення.
У дачыненні да жанчыны завялі крымінальную справу па артыкуле, які прадугледжвае адказнасць за парушэнне правіл дарожнага руху, што прывяло да смерці чалавека. Следства правяло эксперыменты і апытала сведкаў.
Высветлілася, што раварыст ехаў па веласцежцы, а пасля рэзка павярнуў налева і выехаў на пешаходны пераход на чырвонае святло. Ён рухаўся хутка — каля 17 км/г, што значна перавышае хуткасць пешахода. Згодна з правіламі, раварыст павінен спыніцца, пераканацца ў бяспецы і пераходзіць дарогу з хуткасцю, як у пешахода.
Экспертыза засведчыла, што аўтамабіль быў спраўны, жанчына ехала з дазволенай хуткасцю — каля 87 км/г (дазволена 90). Яна не мела тэхнічнай магчымасці пазбегнуць наезду — ні ў момант выезду веласіпедыста, ні калі той змяніў кірунак.
У выніку следства прызнала, што вінаватым у аварыі быў раварыст, які парушыў правілы дарожнага руху. Кіроўца ж дзейнічала ў межах закона, таму справу супраць яе закрылі.
Чытайце таксама:
У Лунінецкім раёне на дарозе загінуў 82-гадовы электрараварыст