БЕЛ Ł РУС

Адміністрацыя Трампа пазбавіла Гарвард права навучаць замежных студэнтаў

23.05.2025 / 6:54

Nashaniva.com

Замежнікі, якія ўжо вучацца ў Гарвардзе, будуць вымушаныя перайсці на навучанне ў іншы ўніверсітэт, інакш яны страцяць права на знаходжанне ў краіне.

Фота: Plexi Images/GHI/UCG/Universal Images Group via Getty Images

Адміністрацыя Дональда Трампа пазбавіла Гарвардскі ўніверсітэт права навучаць замежных студэнтаў, пра гэта паведаміла Міністэрства ўнутранай бяспекі ЗША, піша Бі-бі-сі.

Міністр унутранай бяспекі ЗША Крысці Ноэм распарадзілася спыніць дзеянне сертыфіката Гарвардскага ўніверсітэта на права ажыццяўляць праграму па студэнцкіх абменах. Замежнікі, якія плануюць вучыцца ў ЗША, павінны атрымаць візу класа F або M. Толькі навучальныя ўстановы, сертыфікаваныя для прыёму студэнтаў і ўдзельнікаў праграм абмену (SEVP), могуць выдаваць неабходныя для атрымання візы дакументы.

Гэта азначае, што Гарвард больш не зможа прымаць на навучанне замежных студэнтаў. Замежнікі, якія ўжо вучацца ў Гарвардзе, будуць вымушаныя перайсці на навучанне ў іншы ўніверсітэт, інакш яны страцяць права на знаходжанне ў краіне.

Паводле звестак універсітэта, у мінулым навучальным годзе ў Гарвардзе навучалася каля 7000 замежных студэнтаў — гэта 27,2% ад агульнай колькасці навучэнцаў.

«Адміністрацыя лічыць Гарвард адказным за распальванне гвалту, антысемітызму і кантакты з Камуністычнай партыяй Кітая», — сказала Крысты Ноэм, адзначыўшы, што для ўніверсітэтаў «гэта прывілей, а не права — прымаць замежных студэнтаў» і атрымліваць выгаду ад больш высокай аплаты за навучанне.

Гарвард у сваёй заяве назваў гэты крок адміністрацыі Трампа незаконным.

«Мы цалкам адданыя захаванню здольнасці Гарварда прымаць міжнародных студэнтаў і навукоўцаў, якія паходзяць з больш чым 140 краін і моцна ўзбагачаюць Універсітэт — і гэтую краіну», — гаворыцца ў заяве Гарварда.

«Гэта акцыя адплаты пагражае нанесці сур’ёзную шкоду гарвардскай супольнасці і нашай краіне і падрывае акадэмічную і даследчую місію Гарварда», — падкрэсліваецца ў заяве ўніверсітэта.

У сярэдзіне красавіка Міністэрства адукацыі ЗША абвясціла пра замарозку федэральных грантаў для Гарварда. Падставай для гэтага стала адмову ўніверсітэта выконваць патрабаванні ведамства, сярод якіх быў аўдыт «поглядаў студэнтаў і супрацоўнікаў».

У прыватнасці, ад універсітэта патрабавалі распрацаваць сістэму, якая дазволіць прадухіліць прыём замежных студэнтаў, «варожа настроеных да амерыканскіх каштоўнасцяў і інстытутаў». А таксама — правесці аўдыт (зноў жа, з прыцягненнем старонніх экспертаў) праграм, якія былі заўважаныя ў антысемітызме і іншых формах нянавісці. Універсітэт адмовіўся выканаць гэтыя патрабаванні, пасля чаго паследавалі пагрозы Трампа пазбавіць Гарвард спецыяльнага падатковага статусу і магчымасці прымаць замежных студэнтаў.

Універсітэт падаў у суд на адміністрацыю, патрабуючы аднавіць фінансаванне.

У канцы красавіка Гарвардскі ўніверсітэт выпусціў два даклады — адзін пра антысемітызм і антыізраільскія настроі ў універсітэцкім асяроддзі, другі — пра антыісламізм. Абодва даклады крытычна выказваюцца пра культуру ў кампусе і рэакцыю ўніверсітэта на складзеную сітуацыю.

Пасля публікацыі дакладаў прэзідэнт Гарварда Алан Гарбер папрасіў прабачэння за тое, што ўніверсітэт не апраўдаў чаканняў студэнтаў і прафесуры.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула