БЕЛ Ł РУС

«Ішла закрываць бальнічны». Бацька пра памерлую ў бальніцы ў Ельску 14-гадовую дачку

23.05.2025 / 7:30

Nashaniva.com

У рэанімацыі Ельскай цэнтральнай раённай бальніцы памерла 14-гадовая дзяўчынка. Следчы камітэт пачаў праверку абставінаў яе смерці.

Паведамленне пра трагедыю паступіла ў раённы аддзел унутраных спраў 17 мая 2025 года. Непаўналетняя 2011 года нараджэння памерла ў рэанімацыйным аддзяленні бальніцы.

— У ходзе праверкі прызначаныя ўсе неабходныя экспертызы, — адзначылі ў СК. — Пасля правядзення працэсуальных дзеянняў і праверачных мерапрыемстваў па дадзеным факце будзе дадзена прававая ацэнка, у тым ліку дзеянням асоб, што аказвалі медыцынскую дапамогу.

Як расказаў Onliner бацька дзяўчынкі, да таго як трапіць у бальніцу, яна 4 дні была на бальнічным — з кашлем і болямі ў горле.

У той дзень (16 мая) яна ішла закрываць бальнічны, бо адчувала сябе добра, тэмпературы не было. Яна нават паспела паведаміць класнай кіраўніцы, што гатовая вярнуцца да заняткаў.

Дзяўчынку суправаджала маці, яны разам даведаліся: трэба шпіталізавацца, бо ў лёгкіх былі хрыпы. Каля 10-й гадзіны раніцы падлетка накіравалі ў бальніцу. Перад афармленнем яна зайшла да бабулі, каб сабраць рэчы. Прыкладна да 11-й гадзіны дзяўчынка была ў бальніцы.

Па словах бацькі, праз некалькі гадзін (у 13:35) бацькам патэлефанавалі і паведамілі, што дзіця ў коме ў рэанімацыі.

А 17:30—17:40 прыехаў рэанімацыйны аўтамабіль з Мазыра, аднак было прынята рашэнне чакаць спецыялістаў з Гомеля — яны прыехалі прыкладна ў 23:30. Яшчэ за 2,5 гадзіны да гэтага (каля 21:00) бацькоў папярэдзілі, што трэба рыхтавацца да найгоршага: у дзіцяці неаднаразова спынялася сэрца.

А 23:50 бацьку паведамілі, што дзяўчынка памерла.

Вядома, што падлетак выхоўвалася ў шматдзетнай сям’і — у яе засталіся тры сястры і два браты. Памерлая дзяўчынка была другой па старшынстве. Яна вучылася ў сёмым класе. Па словах бацькі, дачка захаплялася спортам — займалася бегам. У будучыні хацела стаць настаўніцай і марыла навучыцца ездзіць на матацыкле.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула