Кая Калас: Сербія павінна зрабіць геапалітычны выбар
Вярхоўны прадстаўнік Еўрапейскага саюза па замежных справах і палітыцы бяспекі падчас свайго візіту ў Бялград заявіла, што Сербія стаіць перад «стратэгічным, геастратэгічным» выбарам таго, «дзе яна хоча быць», піша Deutsche Welle.
Фота з інстаграма Каі Калас
«Еўрапейская будучыня Сербіі залежыць ад каштоўнасцяў, якія яна будзе адстойваць», — сказала Калас праз два тыдні пасля таго, як прэзідэнт Сербіі Аляксандар Вучыч праігнараваў папярэджанні Бруселя і наведаў 9 мая ваенны парад Перамогі ў Маскве.
Кіраўніца дыпламатыі ЕС выказала Вучычу сваю пазіцыю па гэтым пытанні. «Я сапраўды не разумею, чаму трэба стаяць побач з чалавекам, які вядзе гэтую жудасную вайну ва Украіне», — падкрэсліла Калас. Яна дадала, што прэзідэнт Сербіі ў адказ «выклаў сваю версію».
Па словах Калас, палітычнае кіраўніцтва Сербіі працягвае называць уступленне ў ЕС сваёй стратэгічнай мэтай. Аднак у Бруселі хочуць «убачыць дзеянні, якія дакажуць і падтрымаюць гэтыя словы», адзначыла яна.
«Рэформы — гэта тое, як Сербія будзе прасоўвацца па шляху ЕС. Няма кароткіх шляхоў да сяброўства. Рэальны прагрэс павінен быць дасягнуты тут, у Бялградзе».
У прыватнасці, Калас заклікала Сербію прыкласці сур’ёзныя намаганні для забеспячэння свабоды СМІ, барацьбы з карупцыяй і правядзення выбарчай рэформы. «Гэтыя рэформы прынясуць рэальную карысць грамадзянам і народу Сербіі, як таго патрабавалі сотні тысяч пратэстоўцаў у апошнія тыдні», — заявіла кіраўніца дыпламатыі ЕС.
Пасля Бялграда Кая Калас накіравалася ў Прышціну, сталіцу Косава, чыю абвешчаную ў 2008 годзе незалежнасць Сербія да гэтага часу не прызнае. У 2022 годзе Косава таксама афіцыйна папрасіла прыняць яго ў Еўрапейскі саюз.
Калас заявіла, што нармалізацыя адносін паміж Сербіяй і Косавам з’яўляецца «фундаментальнай» для іх еўрапейскай будучыні. Кіраўніца дыпламатыі ЕС паведаміла пра намер неўзабаве запрасіць прадстаўнікоў Бялграда і Прышціны ў Брусель, каб абмеркаваць «канкрэтныя крокі» да гэтага.