БЕЛ Ł РУС

У французскіх Канах, дзе сёння закрываецца кінафестываль, адключылася электрычнасць

24.05.2025 / 14:51

Nashaniva.com

Электрычнасць сёння адключылася на поўдні краіны, гэта закранула і курортны горад.

Фота: Natacha Pisarenko / AP

Канскі кінафестываль паведаміў, што яго цырымонія закрыцця ў суботу ўвечары адбудзецца паводле плана, нягледзячы на маштабнае адключэнне электрычнасці, якое абясточыла Кан і рэгіён Марскія Альпы, пішаDeadline.

Цырымонія закрыцця Канскага фестывалю павінна пачацца ў 18:40 па мясцовым часе (19:40 па Мінску).

Крытыкі Deadline прадказваюць узнагароды для фільмаў «Сентыментальная каштоўнасць» Ёакіма Трыера, «Гэта быў проста няшчасны выпадак» Джафара Панахі і «Гук падзення» Машы Шылінскі.

Электрычнасць у Канах знікла прыкладна а 10 раніцы па мясцовым часе (11 па Мінску). Святло было адключана ў крамах і рэстаранах, якія маглі прымаць толькі наяўныя. Атрымліваць наяўныя было складана, бо банкаматы таксама не працавалі.

Святлафоры таксама не працавалі, што выклікала заторы на дарогах. Таксама быў закрануты інтэрнэт: папулярныя дадаткі, такія як WhatsApp, перыядычна не працавалі.

«Святло адключана па ўсіх Канах, але ў Палацы фестываляў святло ёсць. Усё працуе як звычайна, і ранішняя прэс-канферэнцыя з Келі Райхардт прайшла без праблем», — паведаміў Энтані Д’Алесандра з Deadline.

Радыё France Info паведаміла, што 160 000 дамоў у рэгіёне пацярпелі ад адключэння, якое было выклікана падзеннем лініі электраперадачы.

«Палац фестываляў пераключыўся на незалежную сістэму электразабеспячэння, што дазволіла ўсім запланаваным мерапрыемствам і паказам, уключаючы цырымонію закрыцця, прайсці паводле плана і ў звычайных умовах», — гаворыцца ў заяве фестывалю.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула