БЕЛ Ł РУС

Латушка адмовіўся ісці ў адстаўку з-за знікнення Мельнікавай. Гэтага запатрабаваў Пятрухін

25.05.2025 / 9:6

Nashaniva.com

Пайсці ў адстаўку Латушку прапанаваў блогер і былы палітвязень Сяргей Пятрухін па «просьбе людзей з інтэрнэту», піша «Белсат».

На IV Канферэнцыі беларусаў і беларусак свету, што праходзіць у Варшаве 23—25 траўня, асобную секцыю прысвяцілі пытанням з залі і з інтэрнэту да лідараў дэмакратычных сілаў.

Дэлегат Каардынацыйнай рады, блогер Сяргей Пятрухін спытаў са спасылкаю на «людзей у інтэрнэце»: ці не сорамна Паўлу Латушку пасля гісторыі са знікненнем спікеркі Каардынацыйнай рады Анжалікі Мельнікавай, чаму ён дагэтуль не сышоў у адстаўку, а «з’яўляецца на людзях»?

Пятрухін не ўдакладніў, з якой пасады мае пайсці Латушка. Той ёсць дэлегатам КР і лідарам найбуйнейшай фракцыі ў КР «Каманда Латушкі і рух «За свабоду»», да якой належала і Мельнікава, а таксама прадстаўніком Аб’яднанага пераходнага кабінету ў транзіце ўлады і намеснікам кіраўніцы Кабінету Святланы Ціханоўскай. Яшчэ Латушка — стваральнік і кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення.

«А за што мне павінна быць сорамна? — перапытаў Латушка Пятрухіна. — За тое, што з намі ваюе Галоўнае ўпраўленне выведкі Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь? За тое, што супраць нас дзее КДБ? За тое, што я на гэтым тыдні атрымаў мэйл 151-ы пра тое, што «прынятая пастанова аб вашай фізічнай ліквідацыі»?»

Латушка нагадаў, што ў Польшчы распачалі ўжо дзве крымінальныя справы датычна спробаў ягонага забойства, таму ён мае ахову.

Паводле палітыка, адзін «вельмі ўплывовы чалавек у гэтай краіне» днём раней сказаў яму, што ўлады Беларусі гэтак дзейнічаюць супраць дэмакратычных сілаў, бо тыя моцныя і не здаюцца.

Латушка спытаў Пятрухіна, з кім ваюе ён, але той не адказаў, адзначыўшы, што пытаў пра адстаўку Латушкі не ён, а «людзі з інтэрнэту».

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула